Вуліцу Стэфана Баторыя ў Гродне закрыюць на рамонт амаль на чацвёра сутак – з 9:00 серады 8 красавіка да 5:00 нядзелі 12 красавіка. Транспарту прыйдзецца ехаць у аб’езд. Большасць аўтобусаў паедуць па Парыжскай Камуны, Сацыялістычнай і Свярдлова, але некаторыя скароцяць маршрут. Частка тралейбусаў у гэтыя дні курсаваць не будзе, паведамляе «Гродна Плюс».

Як зменяцца маршруты аўтобусаў

Зменяцца маршруты аўтобусаў №1, 3, 8, 14, 27, 29, 35. Яны будуць аб’язджаць закрыты ўчастак па вуліцах Парыжскай Камуны, Сацыялістычнай, Свярдлова і Будзённага.

Аўтобусы № 12, 21, 41 скароцяць маршруты. Звычайна яны едуць праз Стары мост і даязджаюць да вуліцы Маладзёжнай, дзе разварочваюцца. Але пакуль будзе закрытая вуліца Стэфана Баторыя, яны будуць даязджаць толькі да абласной філармоніі і там разварочвацца, не заязджаючы ў правабярэжную частку Гродна.

На час рамонту ўвядуць новы маршрут №54 «Фолюш – Вуліца Пераможная», які будзе курсіраваць: прыпыначны пункт «Фолюш» – вул. Лізы Чайкінай – вул. Паповіча – вул. Савецкіх Пагранічнікаў – вул. Гарнавых – вул. Маставая – вул. Парыжскай Камуны – вул. Сацыялістычная – вул. Свярдлова – вул. Будзённага – праспект Касманаўтаў – прыпыначны пункт «Вуліца Пераможная» і назад па тым жа маршруце.

Як паедуць маршруткі

Маршрутныя таксі №3тк, 17тк і 36тк таксама будуць аб’язджаць закрыты ўчастак па вуліцах Парыжскай Камуны, Сацыялістычнай, Свярдлова і Будзённага.

Што будзе з тралейбусамі

Тралейбусы №1 і 13 курсіраваць не будуць.

Тралейбус №7, які звычайна звязвае Каўбасіно з Дзевятоўкай, скароціць маршрут. Ён будзе ехаць ад Каўбасіно да тытунёвай фабрыкі і разварочвацца на кальцы каля філармоніі. Тралейбус №16 таксама будзе даязджаць толькі да кальца каля філармоніі і там разварочвацца.

Тралейбус №9 «Хімвалакно – БелТАПАЗ» зменіць маршрут на «Вуліца Маладзёжная – БелТАПАЗ». Ён будзе разварочвацца на вуліцы Маладзёжнай і не паедзе праз Стары мост у бок Хімвалакно.

На маршруце №25, дзе ездзяць тралейбусы з аўтаномным ходам, змены будуць такімі ж, як у выпадку аўтобусаў. Тралейбус будзе аб’язджаць закрыты ўчастак па вуліцах Парыжскай Камуны, Сацыялістычнай, Свярдлова і Будзённага.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы