У Новым замку Гродна 10 красавіка адкрыецца выстава гістарычных веласіпедаў з калекцыі рэстаўратара і калекцыянера Андрэя Камоскі. Экспазіцыю прымеркавалі да 100-годдзя гродзенскага велазавода «Нёман» — першага ў Беларусі. Выстава будзе працаваць да 25 мая ў Авальнай зале музея.
Наведвальнікі змогуць убачыць рэтравеласіпеды з прыватнай калекцыі калекцыянера. Андрэй Камоска займаецца пошукам і рэстаўрацыяй гістарычных мадэляў ужо шмат гадоў. Да 2026 года калекцыянер планаваў аднавіць усе мадэлі веласіпедаў, якія калісьці выраблялі ў Гродне, і прадставіць поўную калекцыю. Ці ўдалося яму ажыццявіць задуманае, можна будзе ўбачыць на выставе.
Вярнуў Гродну арыгінальны веласіпед
У 2020 годзе Андрэй Камоска сабраў для Гродна веласіпед «Нёман» з арыгінальных дэталяў. Даваенны двухколавы транспарт для горада быў набыты адной з удзельніц грамадскай арганізацыі «ВелаГродна» Юліяй Калядой. Тады гэтая арганізацыя яшчэ існавала ў абласным цэнтры, але пазней была ліквідаваная.
На зборку веласіпеда калекцыянеру спатрэбілася два месяцы. На 80–90% канструкцыя складаецца з арыгінальных даваенных дэталяў.
«Сёння на гэтым веласіпедзе можна спакойна ездзіць. З тых, што я ведаю, гэта першы «Нёман», які будзе цяпер у Гродне. Мне прыемна, што легенда вярнулася ў родны горад. Рады, што прыклаў да гэтага руку», — распавядаў у 2020 годзе Андрэй Камоска.
Сто гадоў таму веласіпеды маркі «Нёман» выраблялі ў цэнтры Гродна — на сучаснай вуліцы Карла Маркса. Завод перажыў пашырэнне, эканамічныя цяжкасці і з часам змяніў кірунак вытворчасці: пасля веласіпедаў тут пачалі выпускаць мапеды і матацыклы.
Пра вытворчасць двухколавага транспарту ў Гродне — падрабязней на Hrodna.life.




