Гродзенская мастачка Кацярына Забеліна паказала ў TikTok «сакрэтную» лаўку ў садзе каля Бернардынскага касцёла. З гэтага месца адкрываецца від на набярэжную Гродна, мост праз Нёман і драмтэатр. Неўзабаве пасля публікацыі аказалася, што праход да імправізаванай агляднай пляцоўкі закрылі. Пра гэта мастачцы паведамілі падпісчыкі.

У сацсетках яна здзівілася таму, што адбылося: «Як ужо пішуць падпісчыкі, праход закрылі. Што за справы?»

У каментарыях да відэа Кацярына патлумачыла, што раней патрапіць да лаўкі можна было з боку семінарыі. Паводле яе слоў, праход быў адкрыты і ніякіх папераджальных таблічак яна не заўважыла. Таму спакойна прайшла да імправізаванай агляднай пляцоўкі.

бернардинский лавочка
Тая самая лавачка. Фота: скрыншот з відэа

Некаторыя гродзенцы ўспаміналі, як выглядала гэтае месца раней: «Я на гэтым пятачку бываў, калі ў касцёл хадзіў у дзяцінстве. Па правым баку быў павільён піва-воды, па левым — грамадская прыбіральня. 70–80 гады. Зараз, вядома, усё па-іншаму».

Іншыя прызнаваліся, што за многія гады жыцця ў горадзе нават не ведалі пра такое месца.

Блогерка паказала «сакрэтную» аглядную пляцоўку ў Гродне — праз дзень яе закрылі
Від, які адкрываецца з «сакрэтнай» лаўкі. Фота: скрын з відэа

Пляцоўку закрылі

Пад відэа многія карыстальнікі пісалі, што паказваць такія месцы ў інтэрнэце не варта было. Нехта сварыўся — маўляў, гэта было яго сакрэтнае месца, а зараз там будуць натоўпы. Кацярына адказала, што не варта чакаць падвоху.

І вось крыху пазней у каментарыях карыстальнікі пачалі пісаць, што праход да лаўкі ўжо закрыты. Нехта нават западозрыў, што Кацярына спецыяльна зняла месца, каб яго закрылі. Маўляў, так было з усімі апошнімі лакацыямі.

Нядаўна ў Гродне закрылі яшчэ адну імправізаваную аглядную пляцоўку — абмежавалі доступ да лесвіцы ў двары дома на Савецкай плошчы, 2. Яна стала папулярнай у TikTok дзякуючы віду на Фарны касцёл і цэнтр горада. На ўваходзе размясцілі папярэджанне аб забароне праходу. Ніжнія поручні лесвіцы абматаныя сігнальнай стужкай, побач усталявана таблічка «Уваход забаронены».

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы