Суд Ленінскага раёна Гродна прыгаварыў былога намесніка старшыні Гродзенскага райвыканкама да 7,5 года пазбаўлення волі. Пакаранне ён будзе адбываць у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Таксама суд прызначыў штраф — 450 базавых велічынь (20 250 рублёў) і забараніў яму займаць кіруючыя пасады на пяць гадоў. Прыгавор пакуль не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны, паведамляе тэлерадыёкампанія «Гродна».
Паводле дадзеных следства, 41-гадовы чыноўнік са снежня 2023 года па ліпень 2025 года некалькі разоў атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў дзвюх камерцыйных кампаній. Яму перадавалі грошы і будаўнічыя матэрыялы.
За гэта ён дапамагаў ім удзельнічаць і перамагаць у закупках, звязаных з будаўнічымі і рамонтнымі работамі ў Гродзенскім раёне. Таксама ён спрыяў заключэнню і выкананню дагавораў, дапамагаў паскараць пералічэнне авансаў і аплату выкананых работ.
Чыноўніка затрымалі летам 2025 года падчас атрымання чарговага хабару. Следства ўстанавіла, што ўзнагароджанні ён атрымліваў сістэматычна, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча.



