Кнігарня «Эксмо АСТ», якая працавала на вуліцы Савецкай, зачынілася. Таксама ў цэнтры горада спыніла працу крама OZ. У ГЦ “Магнит” зачыніўся “Biblio.by”. На недахоп кніжных у горадзе звярнула ўвагу адна з гродзенак.

«Шкада. Спадзяюся, кнігарні сеткі “Белкніга” выстаяць у канкурэнтнай барацьбе з маркетплейсамі. Усё ж я не магу сабе ўявіць горад без кнігарняў», — напісала ў Threads гараджанка. 

У каментарах меркаванні гродзенцаў падзяліліся. Адны лічаць, што кніжныя з іх нацэнкамі на прадукцыю не вытрымліваюць канкурэнцыі з маркетплейсамі. Іншыя пішуць, што крамы не ішлі ў нагу з часам. Трэція шкадуюць аб закрыцці.

Высокія кошты

«Кошты ў гэтых крамах абсалютна не канкурэнтаздольныя. У іх усе кнігі стабільна ў 1,5-2 разы даражэйшыя, чым на маркетплэйсах. Чамусьці нават не дзіўна, што яны зачыніліся», — адзначае адзін з удзельнікаў абмеркавання.

У адказ на гэты каментар аўтарка паста кажа, што кошты ў кніжных сапраўды вышэйшыя. Зато там можна адшукаць цікавыя выданні.

Што можа выратаваць афлайн-кніжныя?

«Трэба ісці ў нагу з часам, а гэта значыць не толькі прадаваць кнігі, але і арганізоўваць тэматычныя мерапрыемствы: майстар-класы, лекцыі, кніжныя клубы, кінапрагляды. Тыя ж многія робяць кавярні і прадаюць папулярны мерч. Для дзяцей зрабіць класныя зоны! У свеце існуе шмат прыкладаў паспяховых камерцыйных кніжных, проста трэба напружвацца, а гэтага шмат хто не хоча», — лічыць іншы карыстальнік. 

«Салідарны, без кніжнікаў будзе сумна. Але і адмаўляць тое, што такі фармат больш не актуальны таксама нельга. Калі чалавек можа купіць кнігу ў інтэрнэце, не выходзячы з дома, танней чым гэта можна зрабіць у краме, які сэнс яму туды ісці? Кнігарням трэба задумацца над тым, што яшчэ яны могуць прапанаваць наведвальніку», —разважае гараджанін.

Неэстэтычны выгляд

«белКнізе бракуе дызайну вітрын. Выглядае ўсё вельмі сумна… І вядома ж не відэа (мабыць, аўтарка пісала слова “відаць” – Hrodna.life), што там. Прайшоў час і інтэр’ераў унутры. Трэба абнаўленне… А пачаць хаця б з афармлення вітрын», — выказваецца ўдзельніца абмеркавання.

Расійскія маркетплэйсы сапраўды складаюць канкурэнцыю беларускім аналагам. Напрыклад, маркетплейс OZ.by трэці год запар не можа разлічыцца з даўгамі, атрымлівае пазовы ад контрагентаў і закрывае свае крамы па краіне. За паўгода 2025 у Беларусі закрылася 12 кропак OZ.by.

Чытайце таксама: У Гродне “беларусіфікуюць” міні-рынкі. Якія яшчэ змены іх чакаюць

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы