Фонду KinderVita пагражае крымінальная справа, звязаная з нямэтавай растратай грошай. Пра гэта беларускія чыноўнікі паведамілі ў эфіры АНТ. Прычына такой высновы – персанальныя відэа валанцёраў, да якіх улада атрымала доступ. Знайшлі і сувязь з пратэстамі.
Асновай для сюжэту дзяржаўнага канала АНТ сталі персанальныя ролікі валанцёраў, дзе тыя адпачываюць на хатняй вечарынцы. Мяркуючы па гэтых відэа і журналісты, і чыноўнікі робяць выснову, што валанцёры KinderVita трацілі атрыманыя сродкі “на асабістыя патрэбы”.
Таксама ў рэпартажы паведамляецца, што два валанцёры падтрымлівалі пратэсты 2020 года. Удзельніка фонду, які працаваў спецыялістам па сувязях з грамадскасцю, журналісты “выкрылі” ў “аднаполых сувязях” – нібыта мужчына траціў сабраныя грошы на тое, каб “клеіць хлопчыкаў”.
Выказаліся і наконт заснавальніцы фонду Надзеі Манцэвіч — жанчына нібыта фігуравала ў крымінальнай справе, звязанай з вырабам і распаўсюджваннем парнаграфіі. Цяпер, як сцвярджаецца, яна жыве ў Польшчы, куды вывезла частку сабраных сродкаў.
РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі супрацоўнічала з фондам. Яго намесніца дырэктара Іна Праляскоўская заявіла, што ва ўстанове былі «шакаваныя» інфармацыяй са СМІ і не супрацоўнічалі з фондам, калі б былі ў курсе таго, што адбываецца.
Таксама аб ліквідацыі фонду выказаўся намеснік начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Беларусі Юрый Кардымон. Паводле яго слоў, “незаконная” дзейнасць арганізацый, падобных KinderVita, будзе спыняцца, а датычных да гэтага чакае крымінальная адказнасць.
Што адбылося з фондам KinderVita?
У сакавіку стала вядома, што фонд KinderVita, які дапамагаў анкахворым дзецям, ліквідуюць. Удзельнікі арганізацыі падпарадкаваліся патрабаванням уладаў і спынілі дзейнасць, заявіўшы, што “паважаюць законы краіны”.
Тым не менш дзяржаўныя медыя і чыноўнікі працягнулі ціск на валанцёраў. У прыватнасці, звязалі некаторых з іх у “педафіліі і сэксуальных здзеках над хворымі дзецьмі”. Пасля ў праўладных Telegram-каналах з’явіліся персанальныя відэа з удзелам валанцёраў, дзе тыя адпачывалі на хатняй вечарынцы. Як каналы атрымалі доступ да ролікаў – невядома.
У сваю чаргу фонд апублікаваў фінансавую справаздачу за 2025 год. Згодна з ёй, усе атрыманыя ад збораў сродкі (1,9 млн руб.) пайшлі на дабрачыннасць. Грошы патрацілі на лекі, аплату лячэння дзяцей, а таксама закуп спецхарчавання, сродкаў гігіены і цацак.
Чытайце таксама: Улады плануюць прадаць кватэру завочна асуджанага гродзенскага журналіста




