У каталіцкую Вербную нядзелю, якая сёлета выпала на 29 сакавіка, гродзенцы паспрачаліся з-за кошту галінак, а таксама аб’ядналіся, каб дапамагчы пажылому чалавеку распрадаць вярбу.
Гродзенцы аб кошце вярбы: ад 2,5 да 50 рублёў
Напярэдадні свята блог grodnosilno апублікаваў у TikTok апытанне – у гродзенцаў пацікавіліся, ці дорага прадаваць стылізаваныя вярбы за 5 і 10 руб. У каментарах меркаванні падзяліліся. Адны лічаць, што галінку можна прынесці і з дому, іншыя пішуць, што бачылі вярбы па 35-50 руб.
«І па 3 руб. ёсць і па 2,50 – на розны кашалёк», – адзначае адна з удзельніц абмеркавання.
«Ну і ну… Людзі, навошта вы негатывіце? Чалавек стараўся: рабіў сам, стаіць, прадае, каб зарабіць сваёй працай. Варта павагі. Я б купіла», – піша іншая карыстальніца.
«Гэта ўжо не проста вербачка, а твор мастацтва, таму і кошт такі», – дадаюць у каментарах.
Таксама гродзенцы адчытваюцца аб кошце верб у горадзе і вобласці. На Скідзельскім рынку галінкі каштавалі ад 3 да 5 руб., у Смаргоні – 4 руб., у Лідзе – 3 руб.
Гараджане дапамагаюць пажылому прадаўцу – раскупляюць у яго галінкі
У Threads адна з карыстальніц папрасіла гараджан аб дапамозе. Гродзенка звярнула ўвагу на пажылога прадаўца верб, які гандляваў галінкамі на Бульвары Ленінскага Камсамола.
«Я ў яго купіла літаральна адну, і вы б бачылі, колькі радасці было ў яго вачах. Ён дрэнна чуе, а побач з ім маладая дзяўчына ў яе вербачкі крыху пышней і людзей вакол больш. А каля дзядулі амаль ніхто не спыняецца… Давайце падтрымаем яго», — напісала гараджанка.
За суткі публікацыя набрала больш за 300 каментароў – карыстальнікі абяцаюць “абавязкова прыехаць” да прадаўца, каб купіць у яго галінкі.
«Спадзяюся, што ў панядзелак ён яшчэ будзе, бо я студэнтка і прыехала на выходныя дадому. У панядзелак спецыяльна пайду ў «Санту» дзеля гэтага мілага дзядулі», – паабяцала адна з удзельніц абмеркавання.
«Я раней там жыла, і сёння прачытаўшы – палячу туды, дзякую вам мілая дзяўчына, няхай добрыя людзі вас атачаюць!» – пажадала гродзенка.
«Каб мянты не заграблі. Штраф за такі гандаль зрабілі 1350р. На сумленне гэтых не спадзяюся», – папярэджвае іншая гараджанка.
Аўтарка публікацыі дадае, што пакуль невядома, ці раскупілі ў прадаўца ўсю вярбу. Дзяўчына спадзяецца, што гэта ўсё ж такі адбудзецца.
Гараджане віншуюць адзін аднаго з пальмавым тыднем
У Гродне чатыры сястры Кавалёнак адраджалі традыцыю стварэння гродзенскіх верб або, як іх яшчэ прынята называць у каталіцкай традыцыі – пальмаў. Галоўная асаблівасць – тры галінкі вярбы ў аснове (сімвалізуюць Святую Тройцу), а таксама яркі дэкор з афарбаваных сухацветаў, моху і злакаў. Традыцыю стварэння такіх верб прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Адна з гараджанак расказала ў Threads, што набыла гродзенскую пальму ў адной з сясцёр. «З 4 сясцёр засталося толькі 2. На жаль. Але дзякуючы ім захавана тое, што магло знікнуць назаўжды. Няхай гэтая пальма прынясе ў дом спакой! – пажадала гродзенка.
Чытайце таксама: Як у Гродне адзначалі Пасху 100 гадоў таму




