У скверы на вуліцы Дарвіна будуюць кавярню – там абсталююць летнюю тэрасу і лаўнж-зону, каб гараджане маглі любавацца панарамай на Гродна. У сацсетках гродзенцы абураюцца — будучая ўстанова закрые від на іншую кавярню «Наше место».
Ідэя кавярні з відам на горад належыць мужу і жонцы — Алене Люткевіч і яе мужу. Па словах Алены, думка адкрыць установу менавіта ў скверы Дарвіна з’явілася даўно.
«Як толькі вось зрабілі арэлі, лавачкі паставілі. Мы часта праязджалі міма і марылі: вось тут было б добра зрабіць кавярню», — распавяла ў эфіры «Гродно Плюс» прадпрымальніца.


Тэраса з відам на горад і жывая музыка: якой будзе новая кавярня?
Мяркуецца, што ўстанова будзе выкананая ў еўрапейскім стылі. Абсталююць тэрасу з відам на горад і асобную лаўнж-зону. Уладальнікі хочуць запрашаць гродзенскіх музыкантаў, а ў меню акцэнт зробяць на сняданках і каве.
У скверы Дарвіна ўжо ёсць установа з відам на Гродна
У скверы з вясны 2019 года працуе кавярня «Наше место». Установа таксама належыць пары – Дыяне Рыбак і Андрэю Маркевічу. Пры адкрыцці кафэ прадпрымальнікаў таксама прывабіў прыгожы пейзаж. Зрабілі стаўку і на якаснае кававае зерне.
Гродзенцы: «Гэта адстой»
Менавіта наяўнасць «Нашего места» у скверы Дарвіна і стала падставай для спрэчак сярод гараджан. Некаторыя гродзенцы палічылі, што ўладальнікі будучай кавярні стварылі несумленную канкурэнцыю. Іншыя карыстальнікі адзначылі, што прадпрымальнікі наўпрост скралі ідэю ў “Нашего места”.
«Жах, трэба ж дадумацца, перакрыць від іншай кавярне… Яшчэ і ў скверыку. Ну вельмі дзіўна, ды і брыдка!» — піша гараджанка.
«Толькі «Наше место». Рабяты, якія разгайдалі гэты сквер, такога не заслугоўваюць! Гэта дрэнная канкурэнцыя. Вельмі цікавіць, ці будзе ў забягалаўцы туалет і як плануецца вырашаць пытанне з гэтым?» – цікавіцца іншы карыстальнік.
«І навошта будаваць кафэ насупраць кавярні?! І закрываць агляд на Нёман і Гродна?! Неяк няправільна гэта», – лічыць гродзенец.
Жыхары пішуць, што ў скверы будзе ажно тры кропкі грамадскага харчавання. Пры тым, што жыхары дома каля пляцоўкі супраць любых устаноў. Абмяркоўваюць і момант паркоўкі – ці хопіць яе на наведвальнікаў усіх кафэ?
“Сапсавалі месца”
Таксама ўдзельнікі абмеркавання выказваюцца аб архітэктурных рашэннях будучай установы. Пішуць, што кавярня сапсуе выгляд пляцоўкі. А яшчэ цікавяцца – ці праводзіліся грамадскія абмеркаванні з нагоды будаўніцтва будынка.
«Дызайн з цяжкасцю ўпісваецца ў архітэктурны вобраз горада: звычайны прастакутнік з драўляным падстрэшкам, па падобным прынцыпе цяпер будуюць дамы і лазні для здачы ў арэнду. Можна было б змірыцца, калі б будучая ўстанова хаця б стала архітэктурнай разынкай агляднай пляцоўкі, але не…», — выказваецца гродзенка.
У Threads гродзенцы скардзяцца, што ў скверы высеклі дрэвы, а дзеля будаўніцтва кафэ абгарадзілі тэрыторыі.
«Вельмі сумна, што сапсавалі такое месца ў горадзе ўсім гэтым добраўпарадкаваннем. Цяпер у ім няма жыцця», – піша беларуска.
«Уродства будзе. Яшчэ б на Замкавай гары такой прыляпілі, недзе пасярэдзіне схілу. Ну а што, падаткі ў бюджэт. Шашлыкі на Савецкай таксама па задумцы напэўна надаюць гораду аўтэнтычнае аблічча», – лічыць яшчэ адзін карыстальнік.
«Гэта адстой», – рэзюмуе ўдзельніца абмеркавання.
Сярод удзельнікаў абмеркавання сустракаюцца і тыя, хто падтрымліваюць прадпрымальнікаў: жадаюць ім поспеху і адзначаюць, што яны “ўсё робяць па законе”.
Чытайце таксама: У Гродне прадаецца гастрабар. Ён адкрыўся не ў самым папулярным месцы і прапрацаваў 2,5 года






