З аўкцыёну прадаюць Volkswagen Golf, чый уладальнік – Скубілаў Дзмітрый Анатольевіч. Верагодна, гэта палітвязень.
Volkswagen Golf 1987 года выпуску прадаюць у Астраўцы. Арганізатар таргоў – “Белюрзабеспячэнне”. Аўкцыён пройдзе 9 красавіка. Пачатковы кошт маёмасці – 1300 рублёў.
Скубілаў Дзмітрый Анатольевіч нарадзіўся ў 1975 годзе ў Астравецкім раёне, піша “Вясна”. Працаваў на Ашмянскай мытні, афармляў перамяшчэнне транспарту і грузаў. У яго быў літоўскі ДНЖ, а яго сям’я — жонка з дзецьмі — жылі ў Вільні. Улетку 2023 года супрацоўнікі літоўскай спецслужбы нібыта вырашылі праверыць Скубілава на паліграфе, пасля чаго ў кастрычніку таго ж года мужчыну прызналі ў Літве пагрозай нацыянальнай бяспецы, дэпартаваўшы ў Беларусь і забараніўшы ўезд у дзяржавы Шэнгена. На тэрыторыі Беларусі Дзмітрыя затрымалі.

Быў асуджаны ў Гродзенскім абласным судзе па ч.1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве) да дзевяці гадоў калоніі і штрафу ў 500 базавых велічынь. Яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з літоўскімі органамі дзяржаўнай бяспекі. Падрабязнасці пераследу невядомыя, бо працэс праходзіў у закрытым рэжыме.




