Жыхарка Гродна зарэгістравала свайго сабаку ў ЖЭСе і была шакаваная памерам і выглядам жэтона, які ёй выдалі. Гэта вялікі пластыкавы прамавугольнік з нумарам, які па законе павінен быць на ашыйніку жывёлы. Дзяўчына спытала ў Threads, як выглядаюць жэтоны ў іншых гарадах і ці ёсць сэнс чапляць яго на сабаку. Абмеркаванне стала вірусным: ветка набрала 260 тысяч праглядаў і амаль 800 каментарыяў. Карыстальнікі абмяркоўвалі практычнасць жэтонаў, іх нязручнасць і хутчэй фармальны характар.

«Зарэгістравала свайго сабаку ў ЖЭСе, і нам выдалі вось такую пластыкавую штуку. Я, вядома, дзіка выбачаюся, але куды мне яе прычапіць? Сабаку на жопу? Сабака невялікага памеру, на ашыйніку гэта будзе глядзецца недарэчна. А калі ў кагосьці чыхуахуа ці ёрк? Сабачнікі, падзяліцеся вопытам — куды вы гэтую штуку мацавалі?» — напісала яна.

Рэакцыя ўладальнікаў жывёл

Уладальнікі з іншых гарадоў паказвалі свае жэтоны — круглыя, жалезныя прамавугольнікі з няроўнымі краямі, якія могуць нашкодзіць жывёле. Сабачнікі падзяліліся, як мацуюць жэтоны ў сябе. Уладальнікі буйных сабак прышывалі яго да ашыйніка. У невялікіх у ім заблытвалася поўсць.

«Спакойна, без панікі, у вас у Гродне хоць бы пластыкавы, у нас у Мінску металічны, як у спецназаўцаў, жэтон. Пакладзіце дома з дакументамі сабакі і ўсё. Такія жэтоны маюць сэнс, калі сабака згубіцца. Тады адлоў і пункт часовага ўтрымання змогуць апазнаць сабаку. Але нават для такіх мэтаў чып і адраснік (невялікі жэтон з адрасам і тэлефонам гаспадароў жывёлы — Hrodna.life) з тэлефонамі значна больш карысныя», — напісала адна з каментатарак.

Замовіць такі можна і на маркетплэйсах, як зрабіла адна з беларусак. Ёсць лайфхак — насіць жэтон ад ЖКГ можна разам з ключамі.

Хтосьці наогул не выкарыстоўвае жэтоны: «У мяне сабакі зарэгістраваныя з 2010 года. Калі рэгістравала ўжо другога пяць гадоў таму, праз домакіраўніцтва, жэтонаў і ў паміне не было. Усе гэтыя гады плаціцца падатак, сабака чыпіраваны, і гэты жэтон нам не патрэбны. Я нават не плануе яго атрымліваць. Навошта? Рэгістрацыя ёсць, плацім — і дастаткова. Тым больш майму сабаку яго не павесіш — будуць каўтуны вакол. Спрабавала неяк адраснік павесіць, ледзь потым у поўсці знайшла», — адзначыла карыстальніца.

Гродзенка здзівілася рэгістрацыйнаму жэтону для сабакі — уладальнікі спэрачаюцца пра яго карысць і зручнасць
Так, напрыклад, выглядае жэтон у Астраўцы. Фота: ostrovets.by

Вяртанне жэтонаў і іх неабходнасць

Адной беларусцы адразу сказалі ў ЖЭСе — калі сабака згубіцца, то па жэтоне яго не знойдуць. Хіба што ў выпадку, калі жывёлу прывядуць у патрэбны ЖЭС. Але жэтон трэба захоўваць, каб потым вярнуць ва ўстанову.

«Па факце ў іх база — гэта журнал, напісаны ад рукі. Нават калі спатрэбіцца зверыць нумар, патрацяць кучу часу, каб знайсці запіс», — адказала аўтарка паста.

Аўтарка мяркуе, што жэтон патрэбны проста для праверак адпаведных службаў, што сабака сапраўды зарэгістраваны. У такім выпадку прасцей гэтыя даныя ўнесці ў чып або адраснік, раяць ёй.

«У маёй сяброўкі сабакі дажылі да 15 гадоў. Ніводзін орган не зацікавіўся. У мяне такая дробная, што з цяжкасцю падабрала адраснік, гэтую “вывеску” дакладна не надзену. А калі што, у мяне ў тэлефоне ёсць электронныя дакументы аб падатку. Хаця без дакумента, што правяраючы мае права правяраць, я нават пальцам не паварушу», — заключыла яе суразмоўніца.

Рэгістрацыя сабак і катоў: што па законе

Усе сабакі (акрамя паляўнічых) і каты павінны быць зарэгістраваныя. Уладальнікі звяртаюцца ва ўпаўнаважаны дзяржаўны орган або службу «Адно акно» з заявай і дакументамі. Жывёле прысвойваюць ідэнтыфікацыйны нумар, а гаспадару выдаюць рэгістрацыйнае пасведчанне і жэтон для ашыйніка.

Дадзеная працэдура замацаваная ў правілах утрымання хатніх жывёл, а таксама адлову безнаглядных жывёл. Як тлумачыла юрыст Алена Майсейчык, жэтон павінен быць на ашыйніку жывёлы або ў гаспадара. Парушэнне гэтых правіл цягне папярэджанне або штраф да 10 базавых велічынь паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Таксама згодна з новым законам «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», які цалкам уступіў у сілу 1 студзеня, уладальнік абавязаны паведамляць дзяржаўнаму органу аб пераездзе гадаванца, яго гібелі або перадачы ў прытулак на працягу трох рабочых дзён. Дзяржаўны орган у адказ за тры дні накіроўвае інфармацыю ў арганізацыі па адлове і ўтрыманні жывёл. Калі жывёла знойдзена, яе вернуць уладальніку. Таксама неабходна інфармаваць ветэрынарную службу аб жывёлах, якія пацярпелі ад іншых жывёл або загінулі ад хваробы.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы