Жыхар Гродна паскардзіўся ў Threads на падаражэнне праезду ў грамадскім транспарце і на тое, што яно адбылося не ў пачатку месяца, а «пасярод тыдня». Паводле яго слоў, цэны растуць, а сэрвіс толькі пагаршаецца: аўтобусы ў абласным цэнтры не прытрымліваюцца раскладу. Ён таксама пакрытыкаваў сістэму аплаты праз валідатары.
Многія карыстальнікі падтрымалі аўтара і ўказалі яшчэ на адну нязручнасць — у горадзе прыбралі праязны рабочага дня.
«Гродна. Сур’ёзна? Проста так пасярод тыдня, нават не ў самым пачатку месяца, проста ў чацвер: „Добры дзень, я аўтобусны парк, і білет на праезд цяпер каштуе 1 рубель (1,05 руб. — Hrodna.life). Да пабачэння, добрых паездак“. А ці не пайсці б табе, аўтобусны парк, да чарта? Цэны растуць, а сэрвіс толькі горшае. Навучыцеся спачатку прытрымлівацца раскладу. І чаму вы ўвогуле лічыце базавы камфорт дастойнай прычынай для павышэння цэны?» — напісаў гродзенец.
Ён таксама выказаўся пра валідатары.
«Спачатку няхай карты аплаты прадаюцца ў кожным кіёску, а потым вы будзеце малайцы. Ні разу з часу ўвядзення гэтых валідатараў я не бачыў, каб хтосьці імі карыстаўся. Спачатку яны месяц з хвосцікам віселі адключанымі. Але атрымліваецца справа не ў тым, што яны віселі адключанымі, а ў тым, што вы, спадар аўтобусны парк, зусім знахабнелі. І я так разумею, хутка за тое, што дзверы адчыняюцца, або вокны, будуць таксама ўведзены новыя цэны», — абураецца мужчына.
Спрэчка пра валідатары
У каментарах меркаванні падзяліліся. Адны назвалі валідатары бескарыснымі.
«Гэтыя валідатары — расчараванне стагоддзя. Я шмат разоў была за мяжой, дзе можна расплаціцца ў аўтобусе звычайнай банкаўскай карткай… і якое ж было маё расчараванне, калі я даведалася, што гэтыя штукі прызначаны толькі для спецыяльных карт», — напісала каментатарка.
Іншыя лічаць, што прасцей карыстацца дадаткам.
«Госпадзе, ды здаліся вам гэтыя валідатары… спампуйце вы ўжо „Аплаці“ і карыстайцеся ім», — адзначыў адзін з карыстальнікаў.

Паспрачаліся пра цану і пашкадавалі кіроўцаў
Частка карыстальнікаў не пагадзілася з крытыкай і заявіла, што праезд застаецца недарагім. «Сур’ёзна? Дорага? Можна ездзіць на ровары ці пешшу… 1.05 — дорага?» Іншыя нагадалі пра датацыі дзяржавы на транспарт.
Сам аўтар растлумачыў: «Я не кажу, што дорага. Мяне абурае раптоўнае павышэнне цэн».
Пры гэтым некаторыя звярнулі ўвагу на нязручнасць для кіроўцаў. «Цэны прыдумляе той, хто ненавідзіць кіроўцаў грамадскага транспарту. 1.05 — чаму не 1.06?» — пажартаваў адзін з каментатараў.
Некаторыя выказалі здагадку, што павышэнне звязана з абнаўленнем транспарту ў горадзе. «Нядаўна аўтобусны парк Гродна папоўніўся новымі аўтобусамі… падобна на тое, што іх хочуць акупіць павышэннем цэн на талоны», — напісаў каментатар.
Пра павышэнне папярэджвалі загадзя
Карыстальнікі таксама адзначалі, што пра павышэнне паведамлялася загадзя і яно адбылося па ўсёй краіне, а кошт паездкі не залежыць ад асобна ўзятага аўтобуснага парка.
З тым, што павышэнне аплаты за праезд чакалася, аўтар не пагадзіўся: «Але цэны павышаюцца і паніжаюцца (ха, смешна) паводле плана. План не агучваюць за дзень да змены кошту. У мінулы раз, калі павышалі, за месяц папярэджвалі. Гэта планавае павышэнне. Тут жа — стыхійнае, бо могуць».

Прыбралі праязны рабочага дня
Асобную незадаволенасць выклікала знікненне праязнога рабочага дня.
«А яшчэ прыбралі праязныя рабочага дня ў „Аплаці“. Цяпер праязныя толькі на колькасць дзён купляць можна. Ашалець, што адбываецца».
«Самае крыўднае, што прыбралі праязны рабочага дня! Было вельмі выгадна… А цяпер прасцей будзе ездзіць на талонах».



