Жыхарам вёскі Казіміраўка Гродзенскага раёна, чые кватэры пацярпелі падчас выбуху дома, прапанавалі часовае жыллё ў Абухаве, што за 18 км ад вёскі. Ад прапановы мясцовых улад людзі адмовіліся і пакуль жывуць у сваякоў. Яны расказваюць, што разлічваюць на кампенсацыю — амаль уся маёмасць знішчана. Аднак пра яе можна будзе казаць толькі пасля заключэння экспертаў аб стане будаўнічых канструкцый.

Тэлерадыёкампанія «Гродна» паразмаўляла з жыхарамі дома. Паводле іх слоў, у кватэры, дзе адбыўся выбух газапаветранай сумесі, жыў мужчына, які злоўжываў спіртным. І ў тым, што здарылася, суседзі вінавацяць менавіта яго.

«Ён усю зіму сядзеў без ацяплення. Цэнтральны водаправод зламалі, затапілі кватэру ніжэй. Мы шмат разоў скардзіліся», — кажуць людзі.

«20 гадоў жыцця адным хлопкам. У мяне маленькія дзеці, што мне зараз рабіць? Дзе мыцца? Якія ўмовы?» — расказвае адна з пацярпелых. У момант выбуху ў кватэры знаходзілася яе 12-гадовая дачка, якой удалося выскачыць праз балкон.

Жыхары кажуць, што амаль уся іх маёмасць знішчана: «Усе сцены, ложкі гарэлі, падала полымя на ўсё», — распавяла жанчына.

Сям’і прапанавалі арэнднае жыллё ў Абухаве. «За яго трэба плаціць. І тут мы плацілі за святло, за газ, гэта наша ўласнасць. Муж нарадзіўся тут, пражыў усё жыццё», — дзеліцца жанчына і кажа, што калі жыць у Абухаве, то прыйдзецца наездзіць па 40 кіламетраў.

«У мяне сын у Гродне, дачка ў Верцялішках вучыцца ў школе. І што гэта я буду катацца туды-сюды? [Хацелася б] годнае, такое ж паўнавартаснае жыллё», — кажа жанчына.

«40 кіламетраў катацца туды-сюды?». Пацярпелым ад выбуху дома пад Гроднам прапанавалі арэнднае жыллё ў Абухаве
Жыхары разбуранага дома. Фота скрыншот з відэа тэлерадыёкампаніі “Гродна”

Што кажуць улады

Па версіі намесніка старшыні Гродзенскага райвыканкама Аляксандра Сафіуліна, жыльцам прапанавалі «жыллё, якое задавальняе спажывецкія патрабаванні» ў Абухаве або Скідзелі. Дзве сям’і адмовіліся. Пацярпеламу мужчыне таксама абяцаюць яго прадаставіць.

Рашэнні аб кампенсацыях прымуць пасля завяршэння работы Следчага камітэта: устанаўлення прычын здарэння і вінаватых.

У каментарыях да навіны прадстаўнікі кампаніі «ВудСайт», якія размяшчаюцца ў той жа вёсцы, прапануюць бясплатна даць піламатэрыялы для рамонту. З зашкленнем гатова дапамагчы кампанія «Тэразіт».

«40 кіламетраў катацца туды-сюды?». Пацярпелым ад выбуху дома пад Гроднам прапанавалі арэнднае жыллё ў Абухаве
Разбураны дом. Фота: скрыншот з відэа

Пацярпелы мужчына ў бальніцы

Гаспадар кватэры, у якой адбыўся выбух, зараз знаходзіцца ў рэанімацыі з множнымі траўмамі, распавёў урач-камбустыёлаг Віктар Галаўня. Ён у цяжкім стане з апекамі, баратраўмай і пераломам правай рукі. Мужчына ў прытомнасці і можа размаўляць. Паводле яго слоў, выбух адбыўся пасля таго, як ён закурыў у хаце. Што было далей, ён не памятае.


Выбух у доме па вуліцы Маладзёжная, 39 у Казіміраўцы адбыўся 24 сакавіка. Пасля выбуху будынак загарэўся, абрынуліся сцены і як мінімум адна бетонная пліта перакрыцця. Паводле даных Верцялішкаўскага сельсавета, прычынай стаў газавы балон. Адзін чалавек атрымаў траўмы, яшчэ адзін — пашкоджанні.

Паводле папярэдняй інфармацыі, успышка газапаветранай сумесі адбылася ў дзвюх кватэрах на першым і другім паверхах. На месца выязджаў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Анатоль Даўгалевец.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы