Скарга жыхаркі Гродна на працу адной з крам сеткі «Светофор» стала нагодай для маштабнай праверкі. У выніку гандлёвую кропку аштрафавалі і часова прыпынілі яе работу.
Як паведамляе тэлерадыёкампанія «Гродна», дзейнасць крамы спынілі з 26 сакавіка. На аб’ект склалі тры адміністрацыйныя пратаколы і прызначылі штраф у памеры 50 базавых велічынь.
Што заўважыла пакупніца
Каля тыдня таму гродзенка наведала адну з крам сеткі. Яна ўбачыла і сфатаграфавала грызуна ў упакоўцы з рулонамі туалетнай паперы.
Таксама пакупніца распавяла, што набыты ёю зельц аказаўся пратэрмінаваным амаль на пяць дзён. Акрамя таго, у гандлёвай залі яна заўважыла перафасаваныя каўбасы — на яе думку, такім чынам маглі спрабаваць схаваць скончаныя тэрміны прыдатнасці.
Таксама жанчына звярнула ўвагу на парушэнне таварнага суседства (гэта значыць, побач знаходзіліся прадукты, якія не павінны быць паблізу адзін ад аднаго), невыкананне тэмпературы для захоўвання рыбы і адсутнасць бэйджыкаў у супрацоўнікаў.

Што кажуць пакупнікі
Адна з гродзенак распавяла ТРК у апытанні, што рэгулярна пераправярае вагу пакупак: «Са шкоднасці прыходжу дадому і важу курыную грудку. Яна заўсёды грамаў на 10–12 меншая, чым пазначана на ўпакоўцы».
Іншыя гродзенцы казалі пра тое, што гэта проста «крама па дарозе, ды і прадукты таннейшыя».
«Мы зайшлі паглядзець асартымент, бо неабходнае для сям’і ўжо купілі. Парушэнняў мы не заўважылі», — сказала яшчэ адна гродзенка.
Што выявіла праверка
Пазначаныя заяўніцай факты часткова пацвердзіліся, распавяла начальнік аддзела спажывецкага рынку галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Алена Трафімчык.
У краме былі брудныя абсталяванне і гандлёвая зала, тавары без маркіроўкі, парушэнні таварнага суседства. Адсутнічалі некаторыя тавары, якія павінны былі быць у продажы згодна з пералікам. Зафіксавалі і іншыя парушэнні.




