Жыхары Слоніма зноў паднялі пытанне аб пункце часовага ўтрымання бяздомных жывёл — яго ў горадзе да гэтага часу няма. У сацсетках людзі пытаюцца, куды везці знойдзеных на вуліцы шчанюкоў або катоў і хто за гэта адказвае. Улады абяцаюць пабудаваць аб’ект, але праект ужо некалькі гадоў не можа зрушыцца з месца. Зараз мясцовая камунальная служба аб’явіла ўжо пятую закупку на распрацоўку дакументацыі. Папярэдняя працэдура прадугледжвала пачатак работ у жніўні 2025 года.
Пра будаўніцтва пункта часовага ўтрымання безнаглядных жывёл у Слоніме казалі яшчэ ў 2021 годзе. Але ўстановы ў горадзе да гэтага часу няма.
Мяркуецца, што пункт будзе размяшчацца па вул. Анішчыка, 90 у Слоніме. Заказчык — мясцовая ЖКГ.
Што ўключае пункт?
- вальер для ўтрымання жывёл — на 50 сабак і 15 кошак;
- памяшканне для кармоў пад захоўванне тыднёвага запасу сыпкіх, грануляваных і іншых кармоў;
- халадзільная камера для прадуктаў, якія хутка псуюцца, з кантрольна-вымяральнымі прыборамі;
- два ізалятары;
- выгульныя дворыкі для кожнага вольера;
- пляцоўка для збору бытавых адходаў і смецця.
За распрацоўку дакументацыі заплацяць больш
На распрацоўку дакументацыі плануюць выдаткаваць 12 тысяч рублёў. Летась у закупцы фігуравала сума 5 тысяч рублёў. Само будаўніцтва, як і раней, ацэньваецца прыкладна ў 50 000 рублёў. У апублікаваных на сайце дзяржзакупак icetrade.by звестках сказана, што на конкурс ніхто не заявіўся.
Што кажуць жыхары Слоніма
Пад навіной пра будаўніцтва пункта часовага ўтрымання бяздомных жывёл у сацсетках разгарнулася актыўная дыскусія. Частка каментатараў падтрымала ідэю: людзі пішуць, што гэта «вельмі здорава» і што «гэта супер навіна».
Аднак іншыя настроены скептычна і лічаць, што гаворка ідзе не пра паўнавартасны прытулак для жывёл.
«Спадзяюся, гэта не ўсыпалка, як на Гурскага», — напісала адна з карыстальніц.
«У Мінску ўсыпалка, а вы хочаце ў нейкім Слоніме — прытулак».
Гучалі і больш рэзкія ацэнкі: «Чарговая крывавая мясарубка. Пакуль не будзе нармальнага закона, жывёл так і будуць забіваць. Па прычыне толькі таму, што няма вольных вальераў. Як і ва ўсіх адловах у Беларусі».

Іншыя звяртаюць увагу на саму фармулёўку:
«А чаму вы радуецеся, каментатары? Пункт часовага ўтрымання. Прывязуць або прынясуць сабаку ці ката, пабудзе ён там некаторы час, потым усыпленне — усё як на Гурскага. Трэба пісаць прапановы, скаргі на закон аб адказным абыходжанні з жывёламі, каб змянялі яго канцэпцыю ў прынцыпе».
Абмяркоўваюць жыхары і саму працэдуру закупкі:
«Спадзяёмся, што тэхнічнае заданне напісана адэкватна! І арыенціровачны кошт пазначаны актуальны з улікам цяперашніх цэн! Мяркуючы па тым, што гэта ўжо пятая працэдура закупкі, выснова напрошваецца сама сабой…».
Жыхары просяць гуманны пункт утрымання жывёл
У гарадской супольнасці адрасуюць пытанні да мясцовай камунальнай службы. Жыхар горада цікавіўся, як менавіта будзе працаваць пункт для часовага ўтрымання жывёл, які тэрмін утрымання жывёл і ці будзе магчымасць стэрылізацыі/кастрацыі на месцы, ці будзе забароненая эўтаназія здаровых жывёл, а таксама ці змогуць жыхары і валанцёры наведваць пункт.
Слонімцы прапануюць стварыць гуманную ўстанову, арыентаваную на стэрылізацыю і прыладкаванне бяздомных жывёл. Таксама просяць укараніць праграму АСВВ (Адлоў-Стэрылізацыя-Вакцынацыя-Вяртанне), якая дзейнічае ў некаторых іншых гарадах, напрыклад, у Баранавічах.
«Хацелася б, каб прадстаўнікі ЖКГ падрабязна патлумачылі, у якім кругазвароце будуць выдаткоўвацца бюджэтныя грошы падаткаплацельшчыкаў. Працэдура закупкі — гэта тэхнічны момант, але нас хвалюе галоўнае: ці будзе гэты пункт часовага ўтрымання жывёл месцам выратавання або месцам знішчэння? Ужо зараз важна зразумець, якім будзе маральны стан слонімскага грамадства — ці будуць жыхары ганарыцца гуманным і цывілізаваным стаўленнем да безабаронных жывёл або возьмуць на сябе цяжар за іх знішчэнне?» — напісана ў посце.

Ці будуць усыпляць жывёл? Камунальнікі адказалі
У Слонімскім ГУП ЖКГ патлумачылі, як павінен працаваць пункт часовага ўтрымання жывёл. Там саслаліся на закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», які дзейнічае ў Беларусі з 2024 года. У ім гаворыцца, што да жывёл трэба ставіцца гуманна, а іх уладальнікі нясуць адказнасць за іх жыццё і здароўе.
Ствараць пункты ўтрымання жывёл і арганізоўваць адлоў безнаглядных жывёл павінны мясцовыя ўлады. У такіх пунктах павінны сачыць за станам жывёл: своечасова праводзіць ветэрынарныя працэдуры, не дапускаць іх размнажэння і пры неабходнасці ізаляваць. Таксама жывёл могуць перадаваць ранейшым уладальнікам або людзям, якія хочуць забраць іх да сябе.
Калі ў пункце ёсць вольныя месцы, жывёл могуць трымаць там да таго часу, пакуль для іх не знойдуць новых гаспадароў. Усыпленне дапускаецца толькі ў адным выпадку — калі ветэрынар выявіць у жывёлы небяспечнае заразнае захворванне.
Можна пабудаваць прытулак?
У той жа час у Слоніме бяздомным жывёлам дапамагае валанцёрка Аксана Саўчук — яна ўтрымлівае сабак у сябе на ўчастку і шукае для іх новых гаспадароў. Паводле меркавання некаторых слонімцаў, улады маглі б сумесна з Аксанай арганізаваць у горадзе менавіта прытулак, а не пункт часовага ўтрымання жывёл.
Аднак зараз сітуацыя выглядае інакш — да яе прыходзяць з праверкамі пасля скаргаў суседа на шум, пах і вялікую колькасць сабак. Па словах валанцёркі, усе жывёлы зарэгістраваныя і знаходзяцца ў яе часова — пакуль ім не знойдуць новых уладальнікаў. Яна лічыць, што сабак так шмат менавіта таму, што ў Слоніме няма дзяржаўнага пункта часовага ўтрымання.




