Гарадскі пікнік VULITSA EZHA будзе і ў Гродне – правядзенне гастрафестывалю запланавалі на 23-24 траўня на стадыёне ЦСК «Нёман». Пра гэта арганізатары распавялі у сваім Instagram.
У Гродна VULITSA EZHA вяртаецца пасля шасцігадовага перапынку. У праграме: фуд-корт, майстар-класы, кулінарная школа, вулічны кінатэатр, дзіцячая зона і канцэрты. Будзе і асобная дэгустацыйная карта – атрымаецца пакаштаваць розныя стравы і напоі па спецыяльнай цане.
Наведванне пікніка платнае. Кошт білетаў пакуль не агучылі. Але, мяркуючы па сайце VULITSA EZHA, інфармацыя з’явіцца ў хуткім часе. Год таму стандартны білет на пікнік у Мінску каштаваў 25 руб.
Пакуль фестываль плануюць правесці ў Гродне і Мінску. Але арганізатары адзначаюць, што сёлета хочуць развіваць праект і па-за летнім сезонам — магчыма, наступныя мерапрыемствы могуць прайсці восенню і зімой.
Што такое VULITSA EZHA?
VULITSA EZHA — маштабны пікнік, які праводзяць у цэнтры горада. Як правіла, на фестывалі можна пакаштаваць стравы розных кухняў, якія гатуюць непасрэдна пры наведвальніках.
Яшчэ адна асаблівасць пікніка – запрошаныя хэдлайнеры. У розныя гады на VULITSA EZHA выступалі “Без білета”, Akute, індзі-выканаўца PALINA, а ў 2019 годзе ў гродзенскай VULITSA EZHA паўдзельнічаў блогер Vadimati.
Чытайце таксама: У Беларусі пройдзе Gastrofest.Кіно — сэты натхнёныя кінематографам




