Установу ліквідавалі 19 сакавіка пастановай калегіі Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама. Для валанцёраў KinderVita рашэнне чыноўнікаў стала нечаканасцю – пра гэта яны паведамілі у сваім Instagram.
Афіцыйная прычына ліквідацыі — праца арганізацыі “не адпавядае мэтам і прадметам дзейнасці, указаным у статуце”. Пры гэтым самі валанцёры адзначаюць, што ўсе пяць гадоў “працавалі ў прававым полі краіны”. Установа вырашыла падпарадкавацца патрабаванням, таму спыняе сваю дзейнасць.
Астатнія грошы KinderVita размяркуе на дапамогу дзецям. Цацкі і прадметы гігіены перададуць у анкацэнтры як прыватныя дабрачынцы.
KinderVita не будзе блакаваць свае сацсеткі, але таксама і не будзе дадаваць новых публікацый. У найбліжэйшы месяц валанцёры плануюць прывесці ў парадак няскончаныя задачы.
«Цяпер мы шчыра дзякуем усім, хто падтрымліваў дзетак у анкацэнтры разам з намі. Хто знаходзіў магчымасць рабіць свет дабрэйшым. Кожны з вас неверагодны па-свойму, і мы шчыра рады, што вы ўвесь гэты час былі з намі. Няхай дабро абавязкова вяртаецца ў вашыя жыцці», – адзначылі валанцёры.
Чым займалася арганізацыя KinderVita?
KinderVita стваралі з мэтай дапамогі анкахворым дзецям. Яе заснавала беларуска Надзея Манцэвіч – яе сын Яраслаў таксама хварэў на анкалогію. Пасля пастаноўкі дыягназу і лячэння Надзея зразумела, што бацькам хворых дзяцей не хапае падтрымкі, таму яна вырашыла стварыць арганізацыю, якая дапамагала б сем’ям.
KinderVita развівала розныя праекты. Напрыклад, «скрыначку адвагі» – збіралі сродкі гігіены і цацкі для дзяцей. Таксама валанцёры закуплялі спецхарчаванне і медыкаменты, віншавалі дзяцей з днём нараджэння ці рэмісіяй.
Валанцёры дапамагалі і са зборам сродкаў на лячэнне. Сярод падапечных установы былі і дзеці з Гродна — KinderVita збірала грошы для Цімура Кузьміцкага, які хварэў на рак правай ныркі, а таксама для Насці Пруцік з саркомай вялікабярцовай косці. Гэтыя зборы паспелі закрыць.
Чытайце таксама: Улада ліквідавала арганізацыі, якія дапамагалі ўразлівым. Іх месца не зойме дзяржава і бізнес




