У цэнтры Гродна можа з’явіцца яшчэ адзін фудтрак — зараз шукаюць арэндатара для невялікай пляцоўкі каля стаянкі на вуліцы Віленскай. Аб’ява аб здачы ў арэнду зямлі пад кропку грамадскага харчавання з’явілася на «Куфары».
У арэнду прапануюць участак плошчай 15 квадратных метраў на паркоўцы па вуліцы Віленскай, 2 — літаральна ў некалькіх кроках ад галоўнай пешаходнай вуліцы горада.
На гэтым месцы прапануюць усталяваць фудтрак — мабільны фургон з вулічнай ежай і напоямі. Да пляцоўкі ўжо падведзена электрычнасць. Кошт арэнды — 1200 рублёў у месяц.
У аб’яве таксама паказалі рэндары таго, як можа выглядаць будучы фудтрак на гэтым месцы.
Участак прапануе фірма «Граматны падыход». Іншыя яе аб’явы таксама звязаныя з камерцыйнай нерухомасцю ў Гродне. Так, кампанія здае ў арэнду памяшканні ў гандлёвым цэнтры на праспекце Касманаўтаў, а таксама офісы ў будынку на Віленскай.

У Гродне працуе каля дзесяці фудтракаў. Адзін з самых пазнавальных — «Жёлтый» — кавярня на колах, якая ўжо некалькі гадоў працуе ў цэнтры горада і рэгулярна трапляе на папулярныя фота і паштоўкі, звязаныя з горадам.
У 2019 годзе на вуліцы Савецкай адкрываўся фудтрак MC Done — ён размяшчаўся на месцы былой падземнай прыбіральні каля Фарнага касцёла. Таксама на платнай паркоўцы на вуліцы Віленскай некаторы час працаваў фудтрак «Пан Картофан».
У лесапарку Пышкі працуе фудтрак, дзе прадаюць трдзельнікі.




