Літоўскія фуры, якія засталіся ў Беларусі, змогуць выязджаць праз польскія і літоўскія пагранпераходы. Беларускія мытныя службы ўжо пачалі працу – калі перавозчыкі аплацяць захоўванне машын, фурам дазволяць перасекчы мяжу, піша БелТА.
Вялікагрузы з літоўскай рэгістрацыяй змогуць пакідаць беларускія стаянкі праз літоўскі напрамак. Пры гэтым літоўскія фуры, якія належаць польскім перавозчыкам, змогуць выязджаць у тым ліку і праз польскія пагранпераходы.
Вялікагрузы змогуць пакінуць тэрыторыю Беларусі пасля таго, як перавозчыкі аплацяць захоўванне фур на стаянках – у пачатку сакавіка кошт складаў €120 у суткі. Паводле інфармацыі БелТА, цяпер аплата «ў разы ніжэйшая за вызначаную раней».
Цяпер на беларускіх стаянках знаходзіцца больш за 1,9 тысячы фур, у тым ліку цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў.
Чаму літоўскія грузавікі затрымаліся ў Беларусі?
У канцы кастрычніка 2025 года Літва зачыніла мяжу з Беларуссю, з-за чаго частка літоўскіх грузавікоў не паспела пакінуць тэрыторыю краіны. Пасля беларускі ўрад дазволіў выезд цягачоў і паўпрычэпаў з літоўскай рэгістрацыяй толькі праз літоўскія пункты пропуску.
Як літоўскія перавозчыкі спрабавалі вярнуць фуры?
Восенню мінулага года стала зразумела, што вывезці літоўскія фуры з тэрыторыі Беларусі будзе няпроста. Прадпрымальнікі страчвалі грошы – паводле ацэнак літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў Linava матэрыяльная шкода магла дасягаць каля €22 млн.
Тым не менш арганізацыя вырашыла не звяртацца ў беларускі суд. У студзені 2026 года прэзідэнт літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў Эрландос Мікенес адзначаў, што ў Беларусі практычна немагчыма судзіцца з-за прававой сістэмы. Таксама перавозчыкі не планавалі падаваць пазоў уладам Літвы – з крызісу вырашылі выходзіць шляхам дамоўленасцяў.
У сакавіку 2026 асацыяцыя перавозчыкаў звярнулася у Еўрапейскую камісію. Арганізацыя заклікала даць афіцыйную ацэнку сітуацыі, разгледзець магчымае парушэнне эканамічных інтарэсаў ЕС і зрабіць дыпламатычныя і прававыя крокі для вяртання транспартных сродкаў.
Чытайце таксама: Страты ў 100 млн еўра, акцыя пратэсту ў Вільні і новыя правілы для фур у Беларусі. Што адбываецца з «грузавым» крызісам




