Амерыканец Эндру Трэн атрымаў дыстанцыйны кантроль над аўтамабілем, які знаходзіцца ў Гродне. Фірма, якая прадае бітыя аўто з ЗША ў Беларусь, не адключыла машыну ад Tesla-акаўнта былога ўласніка.
Эндру змог пабачыць дакладнае месца знаходжання свайго былога аўто – Tesla Model 3 знайшлася на вуліцы Грандзіцкай у Гродне.
“У мінулым годзе мой стары аўтамабіль разбіўся ўшчэнт. Мой уліковы запіс так і не адвязалі ад яго… Сёння я атрымаў ліст, што машыну падпісалі на Premium Connectivity. Я паглядзеў — і яна ў… Беларусі”, – напісаў ён у Threads.
Паслуга Premium Connectivity ад Tesla каштуе $9,99 у месяц і дазваляе карыстацца палепшанымі мапай і навігатарам, функцыямі бяспекі і назірання, а таксама стрыміць музыку і відэа непасрэдна ў машыну.
Эндру заўважыў, што дзякуючы не скасаванаму ўліковаму запісу ён мог адкрываць і закрываць дзверы ў машыне, апускаць шыбы, сігналіць, уключаць і выключаць фары. І ўсё гэта, знаходзячыся за 9700 кіламетраў ад свайго старога аўто.

“Мужык, не лезь да гэтых хлопцаў. Памятай, Джон Уік быў дзіцём Беларусі”
Карыстальнікі Threads адразу пачалі даваць яму парады, як пажартаваць з новага ўласніка аўто. Адныя прапаноўвалі ўключаць падагрэў сядзення на максімум, іншыя – уключыць “рэжым вечарынкі”. Былі прапановы абмежаваць хуткасць аўто або ўключыць на поўную гучнасць песні “Пагоня” і “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Але большасць раіла проста быць прыстойным чалавекам, выдаліць аўто са свайго акаўнта і не чапаць новага ўласніка.
Некаторыя выкарыстоўвалі мем пра папулярнага героя Кіану Рыўза.
“Мужык, не лезь да гэтых хлопцаў. Памятай, Джон Уік быў дзіцём Беларусі”.
“Калі ты сапраўды хочаш нешта зрабіць з той машынай, памятай, што Джон Уік насамрэч з Беларусі”.
“Джон Уік ідзе па цябе”.
Амерыканцу таксама растлумачылі, што такія падарожжы бітых амерыканскіх машын – звычайная справа.
«Амерыканскае паняцце «разбіты ўшчэнт» у іншых краінах азначае «трохі пашкоджана, можна адрамантаваць»», – напісалі ў каментарыях. Маўляў, калі рамантаваць аўто ў ЗША эканамічна нявыгадна, а танней купіць новую, то ў Беларусі, улічваючы значна ніжэйшы кошт працы, бітае аўто не так і складана вярнуць да жыцця. А калі машына была застрахавана, то тым больш у Амерыцы яе не будуць рамантаваць – страхавая кампанія проста прадасць яе з аўкцыёну.
“Перадайце новаму ўласніку падзяку”
Неўзабаве Эндру дапоўніў свой пост:
“Я ўжо выдаліў машыну са свайго акаўнта. Я ўсхваляваўся толькі таму, што мой уліковы запіс выкарыстоўваўся для падпіскі, на якую я не згаджаўся. Акрамя адмены падпіскі, я нічым больш дыстанцыйна не кіраваў”, – запэўніў амерыканец.
Агулам ён вельмі рады, што яго старая машына атрымала новае жыццё. У свой час ён назваў яе Nova ў гонар персанажа з камп’ютарнай гульні StarCraft.
“Гэта была любімая машына, якую я так доўга хацеў набыць, і яна была са мной у радасці і ў горы. Двойчы праехаў на ёй праз усю Амерыку, ад акіяна да гор, ад пустынь да снягоў”.
Эндру папрасіў у карыстальнікаў Threads, калі яны знойдуць новага ўладальніка, падзякаваць яму за тое, што ён даў машыне новае жыццё.
Эндру Трэн – 40-гадовы амерыканец в’етнамскага паходжання. Ён кіраўнік у галіне прадукту і дызайну. Працаваў у сферы аховы здароўя, штучнага інтэлекту, віртуальнай рэальнасці ў розных кампаніях – ад стартапаў да глабальных карпарацый. Зараз працуе ў кампаніі Meta.




