Гродна стаў лідарам сярод абласных цэнтраў па колькасці прапаноў для кароткатэрміновай арэнды на травеньскія святы. Паводле даных сэрвісу «Куфар Вандроўкі», зараз у горадзе даступна каля 180 аднапакаёвых кватэр. Але з набліжэннем святаў свабодных кватэр на гэтыя даты будзе ўсё менш — жыллё паступова бранююць турысты.
Для параўнання, у Брэсце зараз прапануюць каля 177 аднапакаёвых кватэр, у Гомелі — 143, у Віцебску — 138, а ў Магілёве — 134, паведамляе Tochka.by.
Колькі каштуе зняць кватэру на суткі ў Гродне
У Гродне аднапакаёвую кватэру на дзве ночы можна зняць прыкладна ад 140 рублёў. Ёсць і дарагія варыянты — каля 1000 рублёў за двое сутак. Кошт арэнды залежыць ад раёна, плошчы і рамонту.
Бюджэтныя кватэры часцей за ўсё знаходзяцца ў спальных раёнах і прапануюць стандартны набор зручнасцяў — кухню, пральную машыну і інтэрнэт. Больш дарагія варыянты звычайна размешчаны бліжэй да гістарычнага цэнтра горада і папулярных турыстычных месцаў.
А што з іншымі варыянтамі жылля
Турысты, якія падарожнічаюць сям’ёй або кампаніяй, часцей выбіраюць двухпакаёвыя кватэры. У Гродне зараз даступна каля 117 такіх варыянтаў — гэта больш, чым у іншых абласных цэнтрах. Кошт пражывання на дзве ночы пачынаецца прыкладна ад 140 рублёў і можа даходзіць прыкладна да 1100 рублёў.
Чаму кватэры хутка бранююць
Травеньскія святы традыцыйна адкрываюць сезон кароткіх паездак па краіне. Таксама Беларусь у гэтыя дні традыцыйна наведваюць расійскія турысты. Паводле даных сэрвісу «Куфар Вандроўкі», асноўная хваля браніраванняў працягваецца да канца красавіка, пасля чаго свабодных кватэр стане заўважна менш.
Эксперты таксама адзначаюць, што Гродна застаецца папулярным кірункам для турыстаў. Гасцей прыцягваюць гістарычны цэнтр, архітэктура старога горада і вялікая колькасць прагулачных маршрутаў, таму на святы попыт на жыллё тут традыцыйна расце.




