Нямецкае выданне Die Welt апублікавала матэрыял пра экс-палітвязня Вадзіма Ермашука і былога супрацоўніка бабруйскай калоніі № 2 Дзмітрыя Шынвізе (у тэксце — Дзмітрый Ш.). Зараз Ермашук жыве ў Польшчы са статусам бежанца, а Шынвізе, паводле звестак газеты, пераехаў у Германію па праграме позніх перасяленцаў і атрымаў нямецкае грамадзянства. У артыкуле таксама паднімаецца пытанне праверкі рэпатрыянтаў.
Вадзім Ермашук распавёў нямецкаму выданню Die Welt пра час, праведзены ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску. Там ён адбываў тры гады пазбаўлення волі. У калоніі ў той час і працаваў Дзмітрый Шынвізе.
Хто такі Дзмітрый Шынвізе
Дзмітрый Шынвізе за час службы ў ПК № 2 займаў розныя пасады, у тым ліку быў начальнікам аддзела папраўчага працэсу і дзяжурным памочнікам начальніка калоніі. Званне маёра ён атрымаў у 2011 годзе.
У 2023 годзе яго прызначылі начальнікам аператыўна-рэжымнай часткі калоніі. Гэтая пасада звязана з кантролем рэжыму ўтрымання зняволеных і іх бытавых умоў. Паводле звестак былых вязняў, у гэты перыяд увялі дадатковыя абмежаванні, напрыклад, на перадачу кніг і медыцынскіх пасылак.
Паводле звестак «Нашай Нівы», у пачатку 2024 года Шынвізе перастаў працаваць у калоніі. Пазней з’явілася інфармацыя, што ён пакінуў Беларусь.

Пераезд у Германію
Пра тое, што Шынвізе пераехаў у Германію, стала вядома ў жніўні 2025 года. Журналісты выдання «Наша Ніва» правялі ўласнае расследаванне.
Аказалася, што бацька Дзмітрыя — Рудольф Гербертавіч Шынвізе — нарадзіўся ў Казахстане і, мяркуецца, паходзіў з сям’і нямецкіх каланістаў. Такія сем’і ў мінулым жылі ў Паволжы, а ў савецкі перыяд былі пераселены ў Казахстан.
Журналісты таксама праверылі беларускія тэлефонныя нумары і сацсеткі Шынвізе — на нумарах да таго моманту больш не было зарэгістравана ніякіх мэсенджараў, а сацсеткі даўно не абнаўляліся. Паводле звестак Die Welt, Дзмітрый разам з жонкай зараз жывуць у нямецкім горадзе Шверын.
Інфармацыю перадалі ў праваахоўныя органы Германіі
Год таму арганізацыя BELPOL перадала Федэральнаму міністэрству юстыцыі Германіі дакументы і кантакты сведак, якія пацвярджаюць магчымую датычнасць Дзмітрыя Шынвізе да жорсткага абыходжання з палітвязнямі. Ведамства паведаміла, што матэрыялы перададзены ў Федэральнае ведамства крымінальнай паліцыі Германіі (BKA), дзе правяраюць магчымую датычнасць Шынвізе да злачынстваў супраць чалавечнасці.
Аднак праз год, мяркуючы па ўсім, праверка ўсё яшчэ працягваецца. Федэральнае ведамства адмовілася каментаваць Die Welt ход і вынікі расследавання, спасылаючыся на абарону персанальных даных.
Прычыны адабрэння яго заявы на грамадзянства таксама застаюцца незразумелымі. Паводле звестак нямецкага выдання, разам з заявай Шынвізе падаў дакументы ад беларускіх улад, у якіх не было чотка пазначана месца яго працы, таксама ён пазначыў, што быў звольнены.
Сам Шынвізе на запыты СМІ не адказвае, яго жонка таксама адмовілася паведамляць яго кантактныя даныя. А калі журналісты прыехалі ў Шверын — яны адмовіліся з імі камунікаваць.

Што яшчэ распавёў Ермашук пра Шынвізе
Вадзім Ермашук распавёў выданню пра ролю Дзмітрыя Шынвізе ў сістэме беларускіх папраўчых калоній. Паводле яго слоў, у ПК-2 назіраліся не толькі выпадкі адкрытага гвалту, але і сістэматычныя здзекі са зняволеных: ночы на драўляных насцілах без коўдраў, камеры без дзённага святла, холад, голад, а таксама пацукі і павукі ў камерах.
Ермашук сцвярджае, што Шынвізе асабіста ўдзельнічаў у прыніжэнні зняволеных. Напрыклад, падчас праверкі Шынвізе і іншы ахоўнік здушвалі яго горла шалікам, пазбаўляючы магчымасці дыхаць, пры гэтым крычалі на яго. Ермашук распавядае, што Дзмітрый збіваў, абражаў і прыніжаў палітвязняў і выказваў грэбаванне да Еўропы, называючы яе «памыйкай», аднак зараз ён сам там жыве.
Але чаму Шынвізе наогул дазволілі перасяліцца ў Германію? Гэткім пытаннем задаецца нямецкае выданне.
Паколькі ў яго ёсць нямецкія продкі, ён лічыцца так званым рэпатрыянтам, які прыбыў пазней, і, такім чынам, згодна з Федэральным законам аб высланых асобах, з’яўляецца немцам у сэнсе Асноўнага закона. Але такія правілы не распаўсюджваюцца на тых, хто парушаў правы людзей або законы ў месцах перасялення. Паводле слоў Ермашука і іншых сведак, гэта тычыцца менавіта Шынвізе.




