На адпачынак ва УУС Гродзенскага аблвыканкама 13 сакавіка правялі намесніка начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Віталя Стасюкевіча. На пратэстах пасля выбараў 2020 года ён знаходзіўся побач з тагачасным камандзірам гродзенскага АМАП Віктарам Краўцэвічам. Меркавана, Стасюкевіч кіраваў затрыманнямі.
На ўрачыстых праводах працу Стасюкевіча назвалі “прыкладам прафесіяналізму і адданасці справе”, падкрэслілі яго “прыстойнасць і адказнасць”.
“…Будучы на вастрыі, у тым ліку ў няпростым 2020-м, вы заставаліся вернымі абавязку і краіне, добрасумленна выконвалі службовыя абавязкі…” – сказаў начальнік УУС Дзмітрый Рэзянкоў. Краўцэвіч таксама прыехаў павіншаваць калегу.
Пры Стасюкевічу падчас пратэстаў у Гродне жорстка затрымлівалі усіх: акцёраў, лекараў, цяжарную жанчыну з відавочна выяўленым жыватом. Супрацоўнікі выкарыстоўвалі задушлівы захоп, затрымліваючы мужчын, і спецсродкі – слёзатачывы газ – перад маладымі дзяўчатамі.

Стасюкевічу 50 гадоў. Ён ураджэнец Шчучыншчыны. Пачынаў працаваць у 1998-м участковым інспектарам Ленінскага РАУС. У 2012-м прызначаны намеснікам начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС. Праз два гады стаў намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі.
Атрымаў медаль “За адзнаку ў ахове грамадскага парадку” і званне “Чалавек года Гродзеншчыны”.




