Аказваецца, Вольга Бондарава выпадкова апублікавала інфармацыю з “экстрэмісцкага” сайта ў сваім Telegram-канале, пакуль змагалася са спеваком Дзім Дзімычам і яго прадзюсарам Flagman Music. Пра гэта ў звароце распавялі яе паплечнікі — дакумент ёсць у рэдакцыі Hrodna.life. Праўладную і прарасійскую актывістку Вольгу Бондараву з Гродна пасадзілі на 13 сутак у сакавіку 2025 года.

“Вольгу Бондараву, якая абараняла нашых дзяцей ад згубнага ўплыву Дзім Дзімыча, пасадзілі на 2 тыдні ў турму за неасцярожна размешчаную інфармацыю з экстрэмісцкага сайта ў сваім ТГ-канале, прызналі экстрэмістам, адлічылі з апошняга курсу ўніверсітэта, паставілі таўро, згодна з якім яна не зможа займаць дзяржаўныя пасады (магчыма, што і яе дзеці)”, — пішуць у звароце супраць “акультызму” яе паплечнікі.

Яны таксама папрасілі прызнаць ужытае да Вольгі Бондаравай пакаранне неадпаведным “правіне”, аднавіць яе ва ўніверсітэце. А яшчэ – правесці праверку, ці не з’яўляецца гэтак строгае пакаранне за нязначную правіну запалохваннем чалавека.


Кампанія Flagman Music займаецца прадзюсаваннем артыстаў і блогераў, у тым ліку — Дзмітрыя Сіўчыка (Дзім Дзімыча). Бондарава абвінаваціла яго ў ЛГБТ-прапагандзе, негатыўным стаўленні да сілавых структур і матывацыі да сацыяльна-небяспечных паводзін. Пасля гэтага кампанія заявіла пазоў да актывісткі. Бакі пагадзіліся вырашыць справу праз медыятара.  

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы