Як змяніліся выдаткі і рацыён жыхароў Гродзеншчыны за апошнія некалькі гадоў? Рэдакцыя Hrodna.life параўнала дадзеныя ад Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці за 2025 і папярэднія гады.
Даходы жыхароў растуць
У сярэднім хатнія гаспадаркі ў рэгіёне ў месяц валодаюць сумай 2652,9 рубля.
Для параўнання: у 2024 годзе гэты паказчык складаў 2345,7 рубля, а ў 2023 годзе — 1 971 рубель. Хатняй гаспадаркай лічыцца не толькі сям’я. Гэта можа быць і адзін чалавек, і група людзей, якія жывуць разам і вядуць агульны побыт — напрыклад, студэнты, якія здымаюць кватэру.
Рэальныя наяўныя грашовыя даходы — адзін з ключавых эканамічных паказчыкаў, па якім ацэньваюць узровень жыцця. Ён паказвае, колькі грошай застаецца ў людзей пасля выплаты падаткаў, збораў і абавязковых плацяжоў з улікам інфляцыі.
На што трацяць грошы
За апошнія гады ў Гродзенскай вобласці сталі менш траціць на прадукты: 39,1% супраць 40,2%. Выдаткі на адзенне, тэхніку і іншыя пакупкі з гэтай катэгорыі выраслі з 34,4% да 36,2%.
Выдаткі на паслугі практычна не змяніліся і па-ранейшаму складаюць каля 23% даходаў.

Што змянілася ў рацыёне
За апошнія тры гады жыхары вобласці сталі есці больш мяса і мясных прадуктаў. Калі ў 2023 годзе адзін чалавек у сярэднім спажываў каля 89 кілаграмаў мяса ў год, то ў 2025 годзе гэты паказчык вырас да 91 кілаграма.
Трохі павялічылася і спажыванне малака і малочных прадуктаў — з 288 да 295 кілаграмаў у год на чалавека.
Таксама жыхары рэгіёна сталі часцей есці садавіну і ягады: іх спажыванне вырасла з 72 да 75 кілаграмаў у год.
Трохі больш сталі есці і яек. Калі ў 2023 годзе на аднаго чалавека прыходзілася ў сярэднім 223 яйкі ў год, то да 2025 года гэты паказчык трохі падрос да 229 штук.
Бульбы і хлеба сталі есці менш
А вось некаторыя прадукты сталі з’яўляцца на стале радзей. Напрыклад, знізілася спажыванне бульбы. У 2023 і 2024 гадах адзін жыхар Гродзенскай вобласці ў сярэднім з’ядаў каля 58 кілаграмаў бульбы ў год, а ў 2025 годзе — ужо 54 кілаграмы.
Менш сталі есці і хлеба. Спажыванне знізілася з 78 да 75 кілаграмаў у год на чалавека. Таксама крыху скарацілася спажыванне цукру і кандытарскіх вырабаў — з 28 да 27 кілаграмаў у год.

Рыбы ядуць столькі ж
А вось самым стабільным прадуктам у рацыёне жыхароў рэгіёна застаецца рыба. Яе спажыванне на працягу апошніх гадоў практычна не змяняецца і складае каля 15 кілаграмаў у год на чалавека.
Падобная гісторыя і з алеем, маргарынам і іншымі тлушчамі. Паказчык, як і ў выпадку з рыбай, не змяніўся за тры гады і складае 11 кг на чалавека ў год.




