Рэстаран «Панорама» у Лідзе пачне працу ў тэставым рэжыме з 16 сакавіка. У Instagram уладальнікі абяцаюць больш за 100 пасадачных месцаў і меню, распрацаванае сталічнымі шэф-кухарамі спецыяльна для лідскай установы.
Рэстаран «Панорама» знаходзіцца на Праспекце Перамогі, 23 – установа адкрыецца ў новым бізнес-цэнтры. Уладальнікі пішуць, што лакацыя і вызначыла назву рэстарана – з тэрасы наведвальнікам будзе адкрывацца панарама на праспект і горад.


Ад дранікаў да антыпасці: меню рэстарана
Установа спецыялізуецца на еўрапейскай кухні. Там будуць падаваць дранікі, сушы, стэйкі і антыпасці (італьянская агароднінная або мясная халодная закуска). Меню «будзе распрацавана шэфамі сталічных рэстаранаў спецыяльна для «Панорамы»», — запэўніваюць уладальнікі. Прадугледжаны і ланчы для абедзеннага часу.
У рэстаране будзе больш за 100 пасадачных месцаў – наведвальнікі змогуць размясціцца як за банкетнымі сталамі, так і за столікамі на дваіх.
Мармуровы бар і танцпол: інтэр’ер «Панорамы»
Па словах уладальнікаў, у інтэр’еры рэстарана выкарыстоўвалі шмат зеляніны, каменя і дрэва. Для акцэнтаў выкарыстоўвалі велюр і латунь. Барную стойку зрабілі з мармуру.
Таксама ў рэстаране абсталявалі танцпол – плануюць праводзіць вечарынкі з жывой музыкай да дзвюх гадзін ночы.


Чытайце таксама: «Знак якасці, камфорту і зносаўстойлівасці». Усіх супрацоўнікаў Mak.by пераабулі ў лідскія кеды



