Гродзенец у сацыяльных сетках заўважыў, што ў цэнтры горада становіцца ўсё менш сталовых. На месцы аднаго з закрытых пунктаў грамадскага харчавання, паводле інфармацыі карыстальніка, можа адкрыцца рэстаран. Жыхар Гродна задаўся пытаннем: «А гораду праўда патрэбен яшчэ адзін рэстаран?». Каментатары яго падтрымалі.

Гродзенцы: каля чыгуначнага вакзала не хапае сталовых

«Чуў, што замест закрытай сталоўкі каля заапарка ў Гродне хочуць адкрыць рэстаран. Па маіх адчуваннях, у цэнтры Гродна (як і ў іншых абласных цэнтрах) мала нармальных сталовых: з паркоўкай, прыемным інтэр’ерам, хуткім сэрвісам. Сталовыя ГрДУ, УУС і выканкамаў — цяпер па пропусках, на Васілька (у будынку каледжа камунальнай гаспадаркі — Hrodna.life) закрылі, ланчы ў «Королевской охоте» прыбралі. Затое шмат месцаў, якія 5 з 7 дзён на тыдзень стаяць напаўпустыя. І вось думаю: а гораду праўда патрэбен яшчэ адзін рэстаран? Я адзін так думаю?», — напісаў гродзенец.

У каментарыях аўтар удакладніў, што меў на ўвазе сталовую «Гроднагандальмаш» па вуліцы Ціміразева. Карыстальнікі дадалі, што яна ўжо даўно закрытая. Апошнія водгукі аб гэтым пункце грамадскага харчавання былі пакінутыя ў Google Maps чатыры гады таму — як раз аб закрыцці.

Таксама закрыты бар «Пелікан», які быў каля ўваходу ў заапарк. А альтэрнатывы, дзе ў гэтым раёне недарага паесці, — няма. «У Гродне наогул сталовых не тое каб шмат», — заўважыла адна з карыстальніц.

Сталовых не хапае і турыстам

«Я з вамі згодная ў тым, што ў цэнтры Гродна мала сталовых. Здаю кватэры ў сутачную арэнду ў цэнтры горада, і асноўныя мае госці — турысты. Натуральна, самае частае пытанне пры засяленні — дзе хутка і недорага побач паесці? І вось тут складанасці з адказам… Мне здаецца, сталовыя ў цэнтры былі б вельмі запатрабаваныя. У сезон адны турысты б выручку рабілі», — адзначыла яшчэ адна гродзенка.

«Адкрылася сталовая «Мельница» каля Пажаркі», — адказала адна з карыстальніц і заўважыла, што там «прыгожы інтэр’ер».

Праўда, яшчэ адна карыстальніца напісала такі водгук пра новае месца: «Я была, прыгожа, прыемна, ежа жахлівая, турыстам сыдзе, напэўна. Сама лепш у «Карону» ці ЦУМ».

Столовая "Обед-буфет" на ул. Мясницкой в Гродно. Фото: yandex.ru/maps
Сталовая “Абед-буфет” на вул Мясніцкай ў Гродна. Фота: yandex.ru/maps

Колькі сталовых у Гродне

Усяго ў Гродне, мяркуючы па Яндекс.Картах, каля 30 сталовых і пунктаў грамадскага харчавання, якія падпадаюць пад гэту катэгорыю. Аднак на картах адзначаны і тыя буфеты, якія знаходзяцца, напрыклад, у будынках аблвыканкама і гарвыканкама. Уваход у іх цяпер, мяркуючы па водгуках гродзенцаў, дазваляецца па пропусках.

Таксама на картах адзначаны ўжо закрытыя пункты грамадскага харчавання. Так што ўстаноў, дзе можна недорага паесці, у абласным цэнтры можа быць менш. Да таго ж дастаткова вялікая колькасць сталовых знаходзіцца не ў цэнтры Гродна.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы