Дзяўчына, якая жыве ў Англіі (а раней жыла ў Расіі і Украіне), пацікавілася ў карыстальнікаў Threads, ці цікавая Беларусь з турыстычнага пункту гледжання. Пры гэтым яна падзялілася наборам таго, што чула пра краіну. Беларусы актыўна адгукнуліся і пракаментавалі факты.

«Пра Беларусь ведаю толькі, што ў іх смачны шакалад, шмат бландзінаў і трэба насіць святлоадбівальныя элементы на адзенні, яшчэ быццам чыста на вуліцы. Ці ёсць у Беларусі нешта такое, што варта было б убачыць?», — напісала дзяўчына.

У каментарыях абмяркоўвалі і стэрэатыпы пра знешнасць жыхароў, і якасць шакаладу, і тое, што варта паглядзець у краіне.

Пра бландзінаў

Некаторыя карыстальнікі засумняваліся ў распаўсюджаным стэрэатыпе пра вялікую колькасць бландзінаў у Беларусі.

«Бландзіны? Беларусы? Не чуў. Мне здавалася, брунеты ў асноўным. Як мінімум, я заўсёды так бачыў. Русавалосых хлопцаў дык дакладна ўжо вельмі мала», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«Згодная, вельмі стары стэрэатып. Беларусы русыя ў асноўным. Розных тонаў», — адказала адна з карыстальніц.

«Ну паслухайце, славянам, асабліва паўночным, у цэлым больш уласцівыя светлыя валасы», — дадаў нехта.

«Шмат бландзінаў і смачны шакалад». Дзяўчына пералічыла стэрэатыпы пра Беларусь — вось што ёй адказалі
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

«Светла-русых прам шмат. Мая статыстыка: спаборніцтвы сына па каратэ. Я гляджу з трыбун на некалькі соцень дзяцей. Усе ў белай форме. Мой светла-русы літаральна як усе, вельмі цяжка вокам выхапіць, трохі рудых, цёмных і бландзінаў пабольш», — падзяліўся яшчэ адзін карыстальнік.

«Не ведаю, дзе вы жывяце ў Беларусі, але з таго, што я бачу, напэўна ў 90% людзей тут русыя валасы — ад светла-русых да цёмна-русых. Бландзінаў сапраўды вельмі мала, але брунетаў яшчэ менш», — напісаў яшчэ адзін каментатар.

Пра шакалад

Шмат абмеркаванняў выклікаў і беларускі шакалад.

«Пра шакалад хлусяць», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«Шакалад ужо памёр, выкрэслівайце», — дадаў іншы.

«Пра шакалад наогул міма. Ніхто з еўрапейцаў не будзе ў захапленні ад нашага шакаладу, які стаў пластылінавым. У Еўропе шмат добрага шакаладу. Ну каму спадабаецца «Камунарка» пасля шакаладу Lindt?» — адзначыла адна з каментатарак.

Аднак з гэтым меркаваннем пагадзіліся не ўсе.

«Мне мама вязе наш шакалад і зефір. Бельгійскі надакучыў. Я хачу нашага «Кузнечика»», — напісала адна з тых, хто адказваў.

«Шмат бландзінаў і смачны шакалад». Дзяўчына пералічыла стэрэатыпы пра Беларусь — вось што ёй адказалі
Фота: irecommend.ru, носіць ілюстрацыйны характар

«Смакі розныя. Мне, напрыклад, Lindt не вельмі, яшчэ менш падабаецца, калі бачу цэны. нейкія вар’яцкія цэны на шакалад. Добра, што я не фанатка салодкага», — напісала іншая карыстальніца.

«Пацвярджаю! Наш шакалад, на жаль, нясмачны. А апошнім часам наогул стала немагчыма есці. Я не асаблівая аматарака, але раней часам купляла пэўныя цукеркі і шакалад», — напісала яшчэ адна дзяўчына.

«Шакалад калісьці быў смачным. Але ў пагоні за таннасцю ён сапсаваўся. Напрыклад, на трэцім Мінскім хлебазаводзе быў торт «Ленінградскі», вельмі смачны, я гатовы быў за яго душу прадаць. Але потым нешта змянілася, зрабілі «Ленінградскі Новы» — стала рэдкае лайно», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Што паглядзець

Абмяркоўвалі і турыстычныя магчымасці краіны. Некаторыя каментатары пісалі, што ў Беларусі не так шмат яркіх турыстычных аб’ектаў, ды і наогул «глядзець няма чаго». Многія з такімі тэзісамі не пагадзіліся.

«Пірамід у нас няма», — адзначыў адзін з карыстальнікаў.

Аднак многія раілі канкрэтныя месцы для падарожжаў: Нарач, Браслаўскія азёры, Белавежскую пушчу, Гродна і Брэст, а таксама беларускія балоты. Таксама раілі ўжо гатовыя пуцяводнікі па краіне. Расказвалі пра веламаршруты.

Пра турызм і затрыманні

Нагадалі і пра затрыманні, якія адбываюцца ў краіне.

«Калі прысесці за дробязь якую не баіцеся, можаце паехаць. Але калі вы ў Англіі, то замкамі і туманамі вас не здзівіш. Раўніна. Шмат азёр. Дарогі горшыя, чым у Еўропе. Затое камеры на кожным кроку, асабліва ў Мінску. Штрафы выцягваюць з насельніцтва», — напісаў адзін з каментатараў.

«Шмат бландзінаў і смачны шакалад». Дзяўчына пералічыла стэрэатыпы пра Беларусь — вось што ёй адказалі
Стары горад у Гродне. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Пры гэтым многія карыстальнікі ўсё ж адзначалі, што ў краіны ёсць свой асаблівы характар.

«Беларусь вельмі цікавая, нягледзячы на тое, што турызм развіты дрэнна. Месцаў класных вельмі шмат. Прырода прыгожая, людзі цудоўныя. Люблю, адным словам», — напісаў адзін з каментатараў.

«Беларусь — цудоўная краіна, калі выязджаць далей за ГЦ і Zara», — адзначыў іншы.

«Калі вы задаяцеся такім пытаннем, то ў вас купа гаўна ў галаве. Абсалютна любая краіна мае турыстычны патэнцыял ужо з таго пункту гледжання, што там свая гісторыя, звычаі і культура. Калі вы пра мора — яго няма. Гор няма. Пляжаў пясчаных няма. Але Беларусь — гэта своеасаблівы свет. Тут спакойна і няспешна. Не, тут не некранутыя лясы, але яны па-свойму прыгожыя. Балоты. Ёсць замкі, цэрквы, саборы, манастыры. Хай і не так шмат. Любы з іх у любой краіне мае сваю атмасферу. Я б у іншай краіне жыць не хацеў. У Беларусі цудоўна, спакойна і ёсць што паглядзець», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы