Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі падзяліўся сваёй марай — пабудаваць у Лідзе кола агляду вышынёй не менш за 42 метры (такой жа вышыні кола агляду ў Гродне — Hrodna.life). Яго словы прыводзіць мясцовая раёнка «Лідская газета». Аднак ідэя ўлад прыйшлася да спадобы не ўсім лідчукам. Яны «накідалі» сваіх ідэй пра тое, чаго не хапае ў горадзе.

— Мы часта гаворым пра добраўпарадкаванне, але хочацца чагосьці асаблівага, чагосьці, ад чаго захоплівала б дух і ў дзяцей, і ў дарослых. Неяк падзяліўся з бізнесменамі сваёй ідэяй — усталяваць у Лідзе кола агляду. Планка высокая: трэба мінімум 42 метры! Каб наш прыгажун-замак, старадаўнія вулачкі і сучасныя кварталы былі бачныя як на далоні. Хочацца, каб у парку з’явілася месца, дзе будуць прызначаць спатканні і куды будуць прыходзіць сем’ямі за порцыяй шчасця, — прыводзіць словы Вярсоцкага мясцовая раёнка.

Старшыня Лідскага райвыканкама ўжо сустракаўся з мясцовымі бізнесменамі. Ён чакае зацікаўленасці і гатоўнасці ўзяцца за праект з іх боку.

Лідчукі адказалі: папрасілі аквапарк і новую школу

У каментарыях да навіны ў Instagram многія жыхары горада падтрымалі ідэю кола агляду. Аднак было і нямала крытычных заўваг. Акрамя таго, людзі дзяліліся тым, чаго ім, на іх думку, сапраўды не хапае ў Лідзе.

Некаторыя карыстальнікі сумняваліся ў мэтазгоднасці такога праекта.

«У Мінску няма чэргаў на кола агляду, у нас тым больш будзе прастойваць», — напісаў нехта з каментатараў.

Улады Ліды хочуць пабудаваць кола агляду. Жыхары просяць аквапарк, фантаны і школу
Сустрэча з бізнесменамі. Фота: lidanews.by

«Жыхары аквапарк хочуць, просяць ужо колькі часу, а яны кола агляду абмяркоўваюць. Што тут аглядаць? З дзецьмі, акрамя гандлёвага цэнтра, і хадзіць няма куды», — напісаў іншы.

Пра аквапарк згадвала даволі вялікая колькасць каментатараў. Таксама жыхары прасілі зрабіць у Лідзе добрую дзіцячую пляцоўку, пабудаваць школу ў мікрараёне Поўнач і адкрыць тэнісныя корты.

Прасілі вярнуць фантаны і дзіцячую карусель

«У горад неабходна вярнуць фантаны — у парку і іншых месцах, больш зеляніны, а таксама цікавыя помнікі і скульптуры, каб у горада была свая родзінка. Зараз гэтага зусім няма. Кола, можа, і пабудуюць за кошт бізнесу, але потым яго будуць датаваць з бюджэту — і гэта факт. Адрэстаўруйце і вярніце ў парк дзіцячую карусель. Як можна было яе ўгробіць? Дзе мазгі ў тых, хто прымаў гэтае рашэнне? Спачатку расказвалі, што яна самая старая ў Беларусі, а потым узялі і знеслі. Розуму палата», — напісаў яшчэ адзін карыстальнік.

Улады Ліды хочуць пабудаваць кола агляду. Жыхары просяць аквапарк, фантаны і школу
«Дзіцячая карусель» у гарадскім парку Ліды была самай старой каруселлю ў Беларусі. Фота: instagram.com/prinemanskie_lida

«Добрая ідэя, яго трэба падсвеціць ілюмінацыяй, як у Гродне. Але пачуйце, калі ласка: вярніце ў парк фантан. Гэта нядорага для горада, а парку трэба вяртаць былую прыгажосць і шарм. Тады і не толькі моладзь з задавальненнем будзе наведваць парк. А сёння гэта проста пазорышча», — напісаў адзін з лідчукоў.

«Вярніце карусель з конікамі для дзяцей — яна больш прыбытку прынясе, чым кола», — напісала адна з карыстальніц.

Пра дзіцячую карусель згадвалі і іншыя лідчукі: «Ага, для гэтага трэба было знішчыць рэтра-карусель з конікамі…»

Дзяліліся альтэрнатыўнымі ідэямі

Абмяркоўвалі таксама само кола, магчымае месца яго ўстаноўкі і альтэрнатыўныя варыянты.

«А навошта яго будаваць? Вазьміце прыклад з Беластока: прывозяць зборнае кола, а да зімы разбіраюць», — напісаў нехта з лідчукоў.

«Толькі не каля замка, калі ласка», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Улады Ліды хочуць пабудаваць кола агляду. Жыхары просяць аквапарк, фантаны і школу
Прыкладна так можа выглядаць кола агляду ў Лідзе. Фота: lidanews.by

Іншая каментатарка падтрымала: «І не кажыце, мне здаецца, была б магчымасць — яны ўсё гатовы ў гэтую крэпасць запхнуць. Такое адчуванне, што ў Лідзе ёсць толькі адзін замак».

«Ідэя добрая, але дарагая. Можна пачаць з чаго-небудзь прасцейшага. Успомніце атракцыёны ў 80-х. Адны лодачкі колькі радасці прыносілі. Электрычнасці нават не трэба было. Памятаю, чэргі стаялі на ланцуговыя каруселі», — напісалі лідчукі.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы