Напярэдадні журналістка расійскага прапагандысцкага рэсурсу Sputnik Іна Грышук паскардзілася, што яе сына-студэнта Вышэйшай Школы Эканомікі ў Маскве прызываюць на службу ў беларускае войска. На заяву Грышук адрэагавалі Андрэй Мукавозчык, Міхаіл Юспа і Рыгор Азаронак.
Грышук запісала відэа для Лукашэнкі 8 сакавіка і назвала яго “зварот маці студэнта да Прэзідэнта”. У роліку журналістка папрасіла ў Лукашэнкі «падарунак» – вырашыць пытанне з адтэрміноўкай для беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Расіі.
Справа ў тым, што навучанне ў любой замежнай ВНУ з траўня 2023 года больш не лічыцца падставай для атрымання адтэрміноўкі ад службы ў войску. Цяпер вучоба за мяжой можа дапамагчы не пайсці ў войска толькі тады, калі гэта паступленне ў замежны ўніверсітэт па дзяржаўных праграмах.
Міхаіл Юспа: папрасіў не ставіць “клейма судзімасці на дзіця”
Першым адрэагаваў Міхаіл Юспа (Telegram-блогер, які прасоўвае антыбеларускія наратывы). Раніцай 8 сакавіка ён папрасіў не “ставіць на дзіця кляймо судзімасці толькі за тое, што ён хоча вучыцца ў Расіі”. Юспа падтрымлівае навучанне беларускіх студэнтаў у Расіі. Сваю пазіцыю прапагандыст падмацаваў уласнай гісторыяй. Нібыта на адной з трэніровак у спартзале ён пачуў ад маладых хлопцаў фразу-шкадаванне аб тым, што тыя не жывуць у Расіі. Юспа зрабіў выснову, што хлопцы абмяркоўвалі «адсутнасць магчымасці паступіць у расійскі ўніверсітэт з-за вайсковых абмежаванняў».
Андрэй Мукавозчык: заклікаў не мухлеваць і не перакручваць
Калумніст “Советской Белоруссии” Андрэй Мукавозчык заняў супрацьлеглую пазіцыю. Ён раскрытыкаваў зварот Грышук – сказаў, што журналістка «мухлюе, перакручвае і шантажуе». Калумніст таксама выказаў меркаванне, што Грышук уступіла ў шэрагі “маці за дэзерціраў”.
Найбольшае абурэнне ў Мукавозчыка выклікала фраза Грышук аб тым, што яе сына «фактычна прымушаюць кінуць вучобу». Ён лічыць, што “аддаць радзіме мужчынскі воінскі абавязак” – справядліва.
Рыгор Азаронак: забараніць дзецям паступаць у замежныя ВНУ
Выказванне Грышук таксама не прайшло міма Рыгора Азаронка. Гэтаму ён прысвяціў некалькі пастоў у сваім канале. Рэпостнуў Мукавозчыка з каментаром «Андрэй Мікалаевіч. На актуальную тэму».
А пасля – дапоўніў думку, што «наогул бы забараніў паступаць у замежныя ВНУ. Толькі па мэтавым накіраванні і з адпрацоўкай у Беларусі». Азаронак прызнаў, што ён – “радыкал, магчыма”.
Чытайце таксама: Запрацавала праграма па «вяртанні ўхілістаў» — першым вярнуўся гродзенец




