Брэнд Krikate з Гродна зрабіў футболкі для жанчын – дроп DZVERY. На футболцы надпіс BELARUSKAYA. На спіне – фраза ASTSIAROZHNA DZVERY ADCHINYAYUTSYA. Карыстальнікі сацсеткі не разумеюць, чаму ў словах такая транслітарацыя, мяккае “ч” і “тся” замест “цца”.
Верагодна, надпіс – адсылка да фразы “Асцярожна, дзверы зачыняюцца”, якая гучыць у беларускім транспарце.
“Дроп BELARUSKAYA – гэта прамое выказванне KRIKATE пра жанчын, якія прывыклі дзейнічаць і адказваць за сваё жыццё. Фраза ASTSIAROZHNA DZVERY ADCHINYAYUTSYA на спіне вырабы канстатуе факт: перад дзяўчынай, якая рухаецца наперад з выразным разуменнем свайго шляху, усе дзверы адчыненыя”, — пішуць на сайце брэнда.
Крытыка калекцыі Krikate
“Чаму б не выдаткаваць трохі грошай і не пракансультавацца з кімсьці, дасведчаным у мове, каб не атрымалася тое, што на фота? Эканомія, якая, як па мне, ганьбіць і брэнд, і ідэю (калі тут наогул падыходзіць гэтае слова)”, — напісала карыстальніца.


У іншых карыстальнікаў падобныя прэтэнзіі – чаму не беларускай лацінкай? Чаму пасля “ч” ідзе “і” – “ч” у беларускай мове заўсёды цвёрдая. Чаму ў канцы “тся”, а не “цца”? Правільней было б беларускай лацінкай — “Aściarožna, dźviery adčyniajucca” альбо звычайнай – “Astyarozhna dvery adchynyayutstsa”.
Іншыя ж заўважаюць, што не варта быць такімі прыдзірлівымі — маўляў, у людзей знікне жаданне нешта рабіць на беларускую тэматыку і на беларускай мове. Таксама крытыкуюць кошт вырабу – 120 рублёў.
Чытайце таксама: “Акцэнт” пашыў пальчаткі, “Макей” – сумкі. Як гродзенка паказала сваю калекцыю на Тыдні моды ў Парыжы
Праблема з беларускай мовай у Беларусі
Праблема з беларускай мовай узнікла не толькі ў Кацярыны Карлацяну. Мінскі чыгуначны вакзал павіншаваў жанчын “з 8-м красавіка”, то бок з “8 апреля”. “Март” у беларускай мове – гэта “сакавік”.






