УУС Гродзенскага аблвыканкама шукала, хто будзе пастаўляць харчаванне ў ізалятар часовага ўтрымання Кастрычніцкага раёна Гродна. Стала вядома, хто перамог у закупцы — гэта зноў “БелПрЭкс”, гэта значыць, кафэ “Шансон”. Яно ж было адзіным удзельнікам закупкі.
Кафэ “Шансон” прапанавала цану менш названай — 95 тыс. Цяпер адна сутачная порцыя каштуе 9,32 рубля. Без нацэнкі – 6,66 рубля. На такую суму людзі ў ізалятары харчуюцца кожны дзень.
Пастаўшчык павінен дастаўляць харчаванне тры разы на дзень (сняданак, абед, вячэру) альбо ўсё адразу адзін раз у дзень у тэрмаёмістасці. “Шансон” – бліжэйшае да ІЧУ кафэ, знаходзіцца праз дарогу ад ізалятара.
Нормы харчавання ўстаноўлены пастановай Савета Міністраў ад 25.03.2021 № 169. Непаўналетнія атрымліваюць дадатак. Таксама ёсць устаноўленыя нормы замены адных прадуктаў іншымі для разнастайнасці харчавання.




