У Беларусі запрацаваў механізм «вяртання ўхілістаў» – працу вялі год. У выніку з Літвы ў Беларусь вярнуўся гродзенец Мікіта Мацура, такую версію агучыла ТРК «Гродно».
Мікіта пакінуў Беларусь у 2022 годзе, таму што “спалохаўся арміі, службы”. У Літве працаваў поварам, але яму было цяжка – адчуваў сябе замежнікам і разумеў, што “ўсё роўна ніколі не асімілюецца”.
Праз некаторы час па месцы прапіскі Мікіты ў Гродне яму прыйшоў ліст, што закон змянілі – тыя, хто “хаваюцца ад прызыву, могуць вярнуцца і ніякай крымінальнай адказнасці не будзе”. Пасля роздуму малады чалавек прыняў прапанову і вярнуўся ў Беларусь, каб адслужыць. Мікіта кажа, што “ўсё прайшло, як абяцалі”.
Як прызыўнікі могуць пазбегнуць пакарання?
У Беларусі за ўхіленне ад арміі прадугледжана пакаранне па артыкуле 435 КК. Справу могуць узбудзіць нават у тым выпадку, калі малады чалавек не падпісаў позву, але яе накіравалі па пошце з апавяшчэннем аб уручэнні.
У залежнасці ад часткі крымінальнага артыкула беларусам можа пагражаць штраф ад 30 да 1000 базавых велічыняў, альбо абмежаванне волі тэрмінам да пяці гадоў.
Восенню 2025 артыкул «змякчылі» — абяцаюць спыніць крымінальную справу, калі грамадзянін добраахвотна пагодзіцца на службу ў арміі.
Хто разглядае заявы «ўхілістаў»?
Камісія па вяртанню грамадзян таксама разглядае звароты «ўхілістаў», пісала БелТА у кастрычніку 2025. Па словах супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Гродна, “ахвотных вярнуцца значна больш, чым тых, хто ўжо вырашыўся”.
Чытайце таксама: Гродзенцам прапануюць аформіць кантракт на “СВА” – абяцаюць “лёгкую службу”




