Раніцай гарадскі аўтобус №1 у Скідзелі не ўмяшчае ўсіх пасажыраў. Людзям даводзіцца заказваць таксі ці чакаць наступнага рэйса, які курсіруе раз на гадзіну. Гараджане просяць разгрузіць аўтобус і выдзеліць дадатковы транспарт для школьнікаў, піша «Гродзенская праўда».
«З-за школьнікаў немагчыма даехаць па справах, усё перапоўнена, сядзім і стаім як селядцы ў бочцы!» — паскардзілася жыхарка Скідзеля Марыя.
Гараджанка незадаволеная аўтобусам №1, які адпраўляецца з “новага” Скідзеля ў “стары”. Адлегласць – 5 км. Самая напружаная сітуацыя раніцай, бо школьнікі едуць на ўрокі. А таксама пасля абеду, калі дзеці вяртаюцца дадому, а ў дарослых заканчваюцца працоўныя змены. Аўтобус разлічаны на 70 чалавек, а жадаючых патрапіць у яго – у паўтара раза больш.
Аўтапарк не можа даць дадатковы транспарт
У скідзельскім аўтапарку прызнаюць, што праблема з’явілася некалькі гадоў таму, калі новы мікрараён актыўна рос. «У аўтапарка пакуль няма рэсурсаў, каб закрыць патрэбы гараджан», – кажа начальнік вытворчага падраздзялення Скідзеля Гродзенскага гарадскога аўтапарка № 1 Юрый Шмойла. Начальнік дадае, што даць дадатковы транспарт таксама не ўяўляецца магчымым з-за яго ізносу.
Гарвыканкам: прадбачыць «транспартны выбух» было складана
У мясцовым гарвыканкаме кажуць, што не маглі “прадбачыць такі транспартны выбух”. І лічаць, што на дэфіцыт месцаў паўплывала зіма – з-за халадоў людзі перасталі дабірацца на працу пешшу і пераселі на аўтобусы. У гарвыканкаме спадзяюцца, што ўжо сёлета з’явяцца грошы на закупку новага транспарту на 100 месцаў.
Аўтобус ёсць, але ў іншага ведамства
Меркавалася, што мясцовая спартовая школа магла б вылучыць транспарт дзецям. Кіраўніцтва не супраць. Тым больш што транспарт ёсць, а кіроўцы – няма. Але рэалізаваць ідэю не атрымліваецца праз заканадаўства. Аўтобус замацаваны за Міністэрствам спорту, юрыдычна яго складана ўнесці ў катэгорыю “школьнага”, якім кіруе Міністэрства адукацыі.
Чытайце таксама: У Гродне з’явяцца электронныя тралейбусы з Wi-Fi




