Гродзенская моўная студыя Yes дадала новы курс – цяпер будуць вучыць кітайскай мове. Супрацоўніцы студыі адзначаюць, што ў горадзе расце попыт на вывучэнне кітайскай. Мову асвойваюць дзеці і дарослыя – бачаць у гэтым інвестыцыю ў будучыню, піша «Гродзенская праўда».
Першыя гурты пачнуць працу ўжо ў сакавіку. Навучанне выбудоўваюць па сістэме, якая дазваляе зразумець логіку мовы. Гэта важна, таму што кітайская, у адрозненне ад еўрапейскіх моў, будуецца ў тым ліку на танах.
— Вельмі часта складанасці пачынаюцца ў трэцім-чацвёртым класе. Дзіця нешта не зразумела на ўроку, прапусціла адну тэму – і далей ужо цяжка. Кітайская патрабуе сістэмнасці. Калі базу не выбудаваць правільна, становіцца складана, – кажа сузаснавальніца студыі Марына Селюн.
Сістэму навучання для студыі распрацоўвала выкладчыца Святлана Перавёртава. Яна параўноўвае вывучэнне кітайскай з левабаковым рухам – калі зразумець прынцып, становіцца прасцей.
Плануецца, што вучні не будуць завучваць сухую тэорыю. Замест гэтага ім будуць выкладаць мову сістэмна: як адрозніваць гукі, адчуваць розніцу ў вымаўленні і вучыць граматыку праз распаўсюджаныя фразы.
Курс для пачаткоўцаў доўжыцца паўгода – заняткі праводзяць два разы на тыдзень. За гэты час вучні праходзяць міжнародны стандартны ўзровень HSK1. Супрацоўніцы студыі дадаюць, што кітайская папулярна не толькі сярод дзяцей. Мову таксама вывучаюць дарослыя: прадпрымальнікі, лагісты, супрацоўнікі, звязаныя са знешнеэканамічнай дзейнасцю і тыя, хто цікавіцца ўсходняй культурай.
Дзе яшчэ ў Гродне навучаюць кітайскай?
На базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы ладзяць курсы кітайскай для школьнікаў. Праграма разлічана на чатыры гады навучання – за гэты час вучні асвойваюць фанетыку, граматыку і вусную мову.
Заняткі вядуць у тым ліку магістранты і выкладчыкі з Кітая. Каштуе такое навучанне 850 руб.
Чытайце таксама: У Гродне адкрылі першы ў Беларусі кітайскі каледж




