Асуджаны за махлярства фатограф з лудаманіяй просіць грошы ў доўг, каб расплаціцца з кліентамі. Раней пракуратура паведамляла, што мужчына браў грошы за фотасесіі, прадаваў абанементы, але заказы не выконваў — сродкі ішлі на стаўкі. Суд прызначыў яму два гады «дамашняй хіміі».

Пасля прысуду Ігар Трыкіша распавядаў сваю гісторыю ў сацсетках, сцвярджаючы, што рабіў гэта, каб перасцерагчы іншых ад гульнявой залежнасці. Цяпер жа ён звяртаецца да людзей з просьбай пазычыць яму грошы для вяртання даўгоў. Посты пра залежнасць ад казіно ён выдаліў.

Фатограф абяцае вярнуць грошы

«Вітаю. Можа хтосьці да канца года пазычыць буйную суму пад працэнты? Хачу закрыць адмененыя абанементы і далей спакойна вяртаць доўг часткамі з заробку. Шукаю дапамогу такім чынам, бо не магу браць падпрацоўкі. Грошы патрэбныя не мне напрамую — іх можна адразу перавесці тым, каму я вінен. Гатовы напісаць распіску і аформіць усё як мае быць. Іншых варыянтаў дапамогі ў мяне зараз няма. Першы заробак будзе толькі ў сакавіку», — напісаў фатограф.

У каментарыях людзі цікавіліся, колькі мужчыне трэба грошай. ён адказаў, што яму трэба 2350 рублёў, але гатовы ўзяць у доўг і меншыя сумы. «Галоўнае — на працяглы тэрмін, каб я дакладна змог усё вярнуць», — напісаў ён.

Праз некалькі дзён Ігар зноў апублікаваў просьбу аб дапамозе. У посце ён адзначыў, што з-за казіно страціў усё, што мог: кар’еру, рэпутацыю і знешнасць. Ён зноў папрасіў грошы ў доўг, падкрэсліўшы, што сродкі патрэбныя не яму напрамую, а для пераводу тым, каму ён вінен.

Што за гісторыя

Раней гродзенскі фатограф распавёў, як апынуўся ў гульнявой залежнасці і даўгах. Ён пачаў гуляць у онлайн-казіно ў 2022 годзе з невялікай стаўкі, але пасля асабістых праблем захапіўся гульнёй усур’ёз. Выйгрыш у 2 тысячы рублёў стаў для яго «пераломным момантам» — мужчына паверыў, што зможа пастаянна зарабляць такім спосабам.

З часам з’явіліся даўгі: працы не было, грошы на гульню ён пазычаў і збіраў, у тым ліку праз скаргі ў сацсетках. У 2023 годзе фатограф усвядоміў залежнасць, спрабаваў спыніцца і нават прасіў казіно заблакаваць акаўнт, але безвынікова. Стан пагаршаўся — з’явіліся агрэсія і панічныя прыступы.

Каб закрыць даўгі, ён пачаў прадаваць абанементы на фотасесіі. Усяго было рэалізавана 17 абанементаў на суму каля 3,5 тысячы рублёў, аднак здымкі так і не прайшлі — усе грошы ішлі ў гульню. Кліенты пачалі звяртацца ў міліцыю.

У 2025 годзе мужчыну затрымалі. Суд прызнаў яго вінаватым у махлярстве і прызначыў два гады «дамашняй хіміі». Зараз гродзенец сцвярджае, што не гуляе ўжо год, але не разумее, як зможа вярнуць грошы кліентам.