З 16 лютага ў Беларусі праходзіць планавая праверка баявой гатоўнасці – ваеннаабавязаных выклікаюць на зборы. Павесткі рассылаюць у тым ліку гродзенцам. Некаторыя жанчыны перажываюць, што застаюцца адны з маленькімі дзецьмі. Тым часам іншыя пішуць, што рады зборам.

Масавая рассылка павестак пачалася і ў Гродне. Выклікаюць у тым ліку жанчын – у асноўным медработніц, якія па законе лічацца ваеннаабавязанымі.

«З радасцю! Плюс гэты аплатны час»

Адзін з беларусаў ужо атрымаў павестку – 24 лютага ён абавязаны прыйсці ў ваенкамат. «З радасцю! І на паўтара месяца», – піша ён.

Паводле слоў карыстальніка, зборы — “цалкам нармальная і неабходная падзея для ўсіх грамадзян любой краіны”.

Беларус рады, што атрымае новыя веды, наладзіць рэжым дня і праверыць сваю фізічную форму. “Плюс гэты аплатны час”, – дадае ён.

Іншы карыстальнік ужо збірае “банду” тых, хто едзе на зборы з 19 лютага.

“Калі не на палігон у палатках, каб не тапіць печку, а ў жаўнерні – норм. Стрэльнеш тры разы з аўтамата, паносіш месяц новую форму, адпачнеш ад сацыяльных сетак. МА асвоіць бюджэт і ўсё. Непрыемна, вядома, але не смяротна”, – суцяшае сябра каментатар.

“Можна сумясціць зборы і атрыманне афіцэрскага звання, па часе гэтак жа практычна, у мірны час яно не трэба, а ў выпадку чаго варыянт не быць на перадку значна вышэй”, – разважае іншы.

“А я вось зайздрошчу. Вельмі хацеў служыць, але ў 18 была 2 група інваліднасці, не ўзялі. Служыць Радзіме – шчасце для мужчыны”, – піша гродзенец.

Што ўзяць на зборы:

– трусы з шкарпэткамі і тэрмабялізну,
– сродкі гігіены,
– сшытак агульны і некалькі ручак,
– некалькі пар працоўных пальчатак,
– кружку, лыжку, кіпяцільнік – па жаданні,
– кнопкавы тэлефон – смартфонам лепш не карыстацца навідавоку.

У розных месцах сітуацыя можа адрознівацца.

“Міні-адпачынак” для мужа

Гродзенка піша, што “трэці дзень сядзіць на валяр’янцы” – перажывае, бо яе мужу прыйшла павестка. Жанчына супакойвае сябе тым, што мужа чакае “міні-адпачынак: і ад працы перадыхне і ад яе з сынам”.

У каментарах гродзенку супакойваюць. Пішуць, што мужа на зборах “адкормяць”, а яшчэ – што яго забіраюць на вучэнні дзеля “моцнага войска”. Гродзенка адрэагавала эмоджы з паднятай рукой.

“Час ладзіць дзявочнік”

У іншай галінцы гродзенкі таксама абмяркоўваюць зборы – пішуць, што “час ладзіць дзявочнік”, таму што мужчын бліжэйшым часам у горадзе не будзе.

“Так, пашанцавала вам, хоць каструлі адпачнуць”, – каментуе абмеркаванне адзін з карыстальнікаў.

Чытайце таксама: Гродзенцам прапануюць аформіць кантракт на “СВА” – абяцаюць “лёгкую службу”