Гродзенка Вольга Салавей паскардзілася на халодныя сцены ў сваёй кватэры на першым паверсе жылога дома на вуліцы Серафімовіча, 45. Ва УЖРЭП сказалі, што рабочая брыгада ўжо выязджала на адрас — тэмпературу ніжэй за норму спецыялісты не зафіксавалі, піша «Гродзенская праўда».
«Гэтай зімой мы ўпершыню сутыкнуліся з такой праблемай, калі сцены ў кватэры былі халоднымі. Звярталіся ў мясцовы ЖЭС, гарадскі выканаўчы камітэт, але дапамагчы нам не змаглі. Так, прыходзілі работнікі, замяралі тэмпературу ў кватэры. Сказалі, што ў нас тут 22 градусы і гэта добра. Ды я і не кажу, што мы тут прама замярзаем», — кажа Вольга Салавей.
У кватэру таксама прыязджаў слесар – правяраў батарэі, а пасля спусціў ваду. Гродзенка кажа, што “нічога пасля гэтага ў нас не змянілася”.
УЖРЭП: «Мы растлумачылі, што тэмпература камфортная»
Батарэі ў кватэры гродзенкі ўманціраваны ўнутр. Як сцвярджаюць журналісты “Гродзенскай праўды”, пры візіце ў кватэру Вольгі сцены былі цёплымі, а гаспадыня кватэры ходзіць у адзенні з кароткім рукавом. Журналісты мяркуюць, што тэмпература ў кватэры магла быць крыху ніжэйшай, калі ў Гродне былі моцныя маразы.
Аб нармальнай тэмпературы гавораць і ва УЖРЭП. Па словах намесніка дырэктара Дзяніса Цімошка працоўная брыгада ўжо выязджала па адрасе. Абследаваўшы кватэру, зафіксавалі тэмпературу ў 22 градусы.
— Мы патлумачылі мужу і жонцы, што тэмпература ў іх кватэры камфортная для жыцця, – кажа Цімошка.
Ад 18 да 26 градусаў: якой павінна быць тэмпература ў кватэры?
Цімошка таксама нагадаў аб санітарных нормах тэмпературы ў жылых памяшканнях. Згодна з заканадаўствам, тэмпература не павінна апускацца ніжэй за 18 градусаў. На кухні – ад 19 да 21, у ваннай і сумешчаным санвузле – ад 24 да 26. У калідорах і на лесвічных клетках – ад 16 да 18 градусаў.
Чытайце таксама: Гараджане тры гады змагаюцца з цвіллю ў кватэры — ва УЖРЭП параілі часцей праветрываць



