У Threads жыхары Гродна абмяркоўваюць масавае атрыманне позваў на ваенныя зборы. Карыстальнікі дзеляцца асабістым вопытам, задаюць пытанні і спрабуюць зразумець, па якім прынцыпе адбываецца адбор. У Міністэрстве абароны раней паведамлялі, што з 16 лютага ў краіне праходзіць планавая праверка баявой гатоўнасці, у межах якой у воінскія часткі выклікаюць ваеннаабавязаных для вучэбных збораў.
Позвы прыходзяць і шматдзетным
Адна з гродзенак напісала, што позву атрымаў яе муж, нягледзячы на тое, што сям’я шматдзетная: «Гродна. Дзяўчаткі, у каго мужоў забралі на зборы? Майму ўчора прыйшла позва — у чацвер, 19.02, а 8:00 быць з рэчамі і дакументамі на Янкі Купалы, у будаўнічым ліцэі. У нас трое дзяцей, я ў дэкрэце: малодшай год і тры месяцы, сярэдняму чатыры, старэйшай шэсць».
У каментарыях ёй адказалі, што шматдзетных, як правіла, забіраць не павінны, і, хутчэй за ўсё, «прыйдзе, правераць дакументы і адправяць дамоў».
Аднак іншыя ўдзельніцы абмеркавання дзяліліся процілеглым вопытам:
«Мужа забралі, хоць я ў дэкрэце. З ім паехалі і іншыя, у каго па трох дзяцей».
У той жа час нехта пісаў: «Учора калегу з трыма дзецьмі не забралі».
З’явіліся і парады, як дзейнічаць у такой сітуацыі: «Няхай бярэ з сабой дакументы, якія пацвярджаюць, што ён шматдзетны, і адразу ідзе да афіцэраў. Учора з мужам быў таксама шматдзетны: яго нават у часць завезлі, але там развярнулі, зрабілі копіі дакументаў і адпусцілі. Зараз там шмат людзей, поўная мітусня. Нават бацьку-адзіночку далі позву — цэлы дзень трымалі».

«Забралі нават бацюшку»
У іншай галіне абмеркавання гродзенец выклаў фота позвы і напісаў, што «забралі нават бацюшку». У адказ карыстальнікі пачалі дзяліцца сваімі гісторыямі.
«Мужа забралі, позву прынеслі амаль ноччу 16-га. У нас грудное дзіця. Ён прыйшоў на працу — там яшчэ адна позва. 17-га з’явіцца а 15:00, а а 19:00 яго ўжо павезлі. Усе дыягназы — мае, дзіцяці, мужа — сказалі, што няважна. Тэлефоны забралі, сувязі няма. Сказалі, што арыенціровачна да канца сакавіка», — напісала гродзенка.
Іншыя каментатары спрабавалі патлумачыць тое, што адбываецца: «Глядзіце навіны. Зараз па ўсёй Беларусі падымаюць асобныя спецыялізаваныя брыгады. У Гродне паднятая асобная 6-я спецбрыгада, таму выклікаюць усіх — каму 27, каму 45, каму і 50 гадоў. Тыпу гэта вучэнні».

Вучэнні будуць да канца сакавіка
«Брата ўчора забралі. Выклікалі да 13:00, у 13:10 тэлефанаваў з аўтобуса — зараз на Фолюшы. У панядзелак павязуць на палігон у Гожу. Невядома пакуль на колькі, пагаворваюць — да канца сакавіка», — напісала дзяўчына.
«Муж прымае ўсіх, каму прыйшла позва. Пазванілі і сказалі з’явіцца. Учора сышоў а 6:00 і прыйшоў ноччу а 2:00. Прымаў бацюшку, які хрысціў нашу дачку. Ім таксама толкам нічога не тлумачаць. Ведаю, што толькі з Гродна 1500 чалавек прызвалі», — напісала адна з каментатарак.
«Сыну прыйшла на працу позва. Раніцай туды пайшоў, праз гадзіну паехаў у часць. Увечары таго ж дня прынеслі дамоў позву. Я кажу — ён ужо там. Здзівіліся», — напісала адна з гродзенак.
Паводле інфармацыі Hrodna.life, на прадпрыемствах людзей забіраюць проста з прахадных. У Threads жартуюць, што падарункі на 23 лютага можна не збіраць — усё роўна мужчыны будуць на зборах. А некаторыя ўстановы прапануюць актыўнасці для дзяўчат — каб дома не сядзець без мужоў і бойфрэндаў.

На зборы выклікаюць і жанчын
Тэлеканал «Гродна Плюс» прыводзіць словы гродзенкі Анастасіі Губарэвіч, якая з’яўляецца радавой запасу.
«Я працую медыцынскай сястрой у адной з бальніц абласнога цэнтра. Напярэдадні атрымала позву ад ваеннага камісарыята і ў прызначаны час прыбыла на пункт папярэдняга збору ваеннаабавязаных. Для мяне гэта першы збор, спадзяюся даведацца шмат новага і павысіць сваё прафесійнае майстэрства».
Што адбываецца?
З 16 лютага ў Узброеных сілах пачалася чарговая праверка баявой гатоўнасці. У яе межах у павышаную гатоўнасць прыводзяць упраўленне і асобныя часці Заходняга аператыўнага камандавання.
Для гэтага ў воінскія часці выклікаюць ваеннаабавязаных — тых, хто знаходзіцца ў запасе. Іх накіроўваюць у падраздзяленні, дзе правяраюць, наколькі хутка і зладжана армія можа сабрацца і працаваць у выпадку неабходнасці.
Падчас збораў ацэньваюць, як камандзіры кіруюць падраздзяленнямі, у якім стане тэхніка і ўзбраенне, а таксама наколькі гатовыя людзі. Для саміх ваеннаабавязаных гэта азначае заняткі па баявой падрыхтоўцы — стральбу, медыцыну і іншыя базавыя навыкі.
Асобную ўвагу надаюць дзеянням ва ўмовах магчымых дыверсій і выкарыстанню беспілотнікаў умоўнага праціўніка.
Тэлеканал «Гродна Плюс» таксама паведамляў, што ваенкаматы Гродзенскай вобласці збіраюць і накіроўваюць ваеннаабавязаных у часці Заходняга аператыўнага камандавання.



