Дзве дзяўчыны ў снежні забраніравалі стол у гродзенскім кальян-бары “Мята”. Але трапіць туды ім не ўдалося: на ўваходзе аказалася, што ёсць узроставае абмежаванне 21+. Пра гэта дзяўчат не папярэдзілі. Два дні таму яны напісалі пра гэта і справакавалі бурнае абмеркаванне ў сацсетках. Усё скончылася выбачэннямі і новымі правіламі ў бары.
“Забранявалі стол, бронь пацвердзілі, папярэдзілі толькі пра дрэс-код. Прыйшлі, нас развярнулі, бо ўстанова 21+ (ні ў актуальным rules, ні ў инсте і ні ў тг ў іх гэтай інфармацыі няма! Толькі налепка на дзвярах). Разбіраліся доўга, вынік: не пусцілі. Пятніца, час пасля 23: 30, ва ўстанову ўжо не трапіш. Паведамленне без інфармацыі пра ўзрост проста змянілі, пасля таго як я на гэта ўказала. Дарэчы, летам адпачывала там (20 гадоў). Хто мае рацыю, хто вінаваты?”- напісалі дзяўчаты.
На скрыншотах відаць, што паведамленне ад бара адрэдагавана: інфармацыю пра 21+ дапісалі пазней. Больш за ўсё 20-гадовую дзяўчыну абурала тое, што яны з сяброўкай ужо выдаткавалі час на зборы, дарогу, разбіральніцтва – а адсвяткаваць не змаглі.


У правілах першапачаткова было пазначана, што “… катэгарычна не вітаюцца абразы, бойкі і гучныя гарачыя дыялогі”. Пра ўзрост гаворкі не ішло. Аказалася, што падобныя абмежаванні ёсць ва ўстанове “Сохо”.
У Беларусі заканадаўча ўстаноўлены ўзроставы цэнз 21 год для наведвання ігральных устаноў. Для наведвання іншых забаўляльных устаноў (рэстараны, клубы, бары) агульнага тыпу ў Беларусі дзейнічае абмежаванне 18+, калі іншае не ўстаноўлена правіламі канкрэтнай установы.
Узаемныя пагрозы
Абмеркаванне ў гродзенскім сегменце Threads доўжылася два дні. Хтосьці пісаў, што не варта было выносіць сітуацыю на публічнае абмеркаванне. Хтосьці – што прадстаўнікі ўстановы занадта шмат пра сябе ўявілі і хамяць. Бар і раней трапляў у топы ў галінках з абмеркаваннем горшага абслугоўвання.
Дайшло да таго, што гродзенка збіралася напісаць скаргу ў гарвыканкам. Пры гэтым яна неасцярожна назвала ўстанову “памыйніцай”. У каментары прыйшоў уладальнік установы, паведаміў, што нясе рэпутацыйныя страты і прыгразіў дзяўчыне адміністратыўкай.
Не патрапіла ва ўстанову дзяўчына ўдакладніла, што кухня ў іх “годная”, абслугоўванне “карэктнае”. Пытанні былі толькі да адміністрацыі.
Навошта ўзроставыя абмежаванні на ўваход у бар?
“Раней абмежаванне (для кліентаў, малодшых за 21 год – Hrodna.life) не дзейнічала наогул, затым працавала толькі па суботах, а цяпер ва ўсе выхадныя дні. Дзякуючы гэтаму ўзроставаму абмежавання мы і трымаем больш дарослую аўдыторыю. У першую чаргу, каб тут не было “малалетніх” тусовак”, — напісаў уладальнік установы. З іншых яго адказаў відаць, што мужчына мяркуе, што людзі малодшай 21 года п’юць піва і ванітуюць.
Пасля гэтага ва ўстанове знялі інфармацыйнае відэа, замовілі дадатковыя банеры і налепкі, дадалі інфармацыю ў сацыяльныя сеткі і правялі дадатковае навучанне з супрацоўнікамі.

Канфлікт уладжаны
“Кіраўнік граматна вырашыў дадзеную сітуацыю, прынёс прабачэнні ад асобы ўстановы і займаецца паўторным інфармаваннем персаналу пра важнасць вырашэння праблем і кліентаарынтаванасць. Рада, што ўсё вырашылася. Кожную пятніцу і суботу начныя мерапрыемствы з фэйскантролем 21+. Вельмі шкада, што работнікі мабыць не зусім разумеюць, што ў іх класны кіраўнік, калі не інфармуюць пра ўсё адразу. Вельмі адэкватны і прыемны”, – напісалі як пад капірку дзве гродзенкі.
Многія пасты пасля гэтага дзяўчыны прыбралі. Як уладзілі канфлікт і ці пусцяць іх ва ўстанову, невядома.
Чытайце таксама: “Усё забаранілі”. Музыкі больш не будуць выступаць у цэнтральных дворыках Гродна



