Шматдзетная маці Кацярына апублікавала ў TikTok відэа з арэнднай кватэрай, якую ёй прапанавалі мясцовыя ўлады. Відэа набрала больш за 120 тысяч праглядаў і каля 200 каментарыяў. Меркаванні карыстальнікаў падзяліліся: адны пісалі, што стан кватэры цярпімы і дастаткова касметычнага рамонту, іншыя называлі ўбачанае «жахам».
Лідчанка стаіць у чарзе на атрыманне арэнднага жылля як асоба, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Мяркуючы па апісанні, гаворка ідзе пра кватэру на вуліцы Чыгуначнай, 6 — яна ёсць у спісе наяўнага арэнднага жылля на сайце Лідскага райвыканкама. Дом, дзе знаходзіцца кватэра, — двухпавярховы, пабудаваны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.
У афіцыйнай інфармацыі кватэра пазначана як добраўпарадкаваная, але такая, што патрабуе рамонту. Паводле складзенага каштарысу, на яго спатрэбіцца амаль 20 тысяч рублёў.
Што пісалі каментатары
«Вось цікава, хто там жыў і як здалі арэнднае жыллё, і якая арганізацыя яго прыняла?» — напісаў адзін з каментатараў. Яму адказалі: «Хто там жыў — чалавека ўжо няма, і дзяржава забрала кватэру сабе».
Некаторыя карыстальнікі дзяліліся тым, што самі не могуць атрымаць арэнднае жыллё: «У чым праблема зрабіць касметыку? Я шматдзетная маці, і мне пастаянна адмаўляюць у арэндным жыллі. Так што на вашым месцы я б радавалася любому — прыбраць і зрабіць невялікі рамонт заўсёды можна».
Пытанні выклікаў не толькі стан кватэры, але і беспарадак унутры: раскіданыя рэчы, адсутнасць прыборкі, брудныя пліта і ракавіна.
Частка каментатараў выказала здагадку, што жыллё забралі ў ранейшага нанімальніка за даўгі і выставілі ў арэнду ў тым жа выглядзе. Іншыя лічылі гэта недапрацоўкай арганізацыі, адказнай за ўтрыманне кватэры.

Ад кватэры адмовілася
«Звычайна, калі прапануюць арэнду з дрэнным рамонтам, павінны адразу папярэджваць, колькі будзе каштаваць прывесці кватэру ў парадак», — напісала адна з карыстальніц.
Кацярына адказала, што пра стан жылля яе папярэдзілі загадзя: «Усё было агучана, таму я і з’ездзіла паглядзець, каб разумець, у якім стане кватэра. Мяне ніхто не прымушае яе браць — гэта была мая ініцыятыва. І я хацела паказаць людзям, што наогул прапануюць».
У каментарыях яна таксама патлумачыла, што пакуль не мае лідскай прапіскі, таму не можа стаць на чаргу на будаўніцтва жылля як шматдзетная. Зараз яна разглядае арэндныя варыянты, але плануе ў далейшым зарэгістравацца ў райцэнтры. Ад гэтай кватэры Кацярына адмовілася, аднак з чаргі на арэнднае жыллё яе не знялі — яна чакае іншыя прапановы.

«Гэта вы яшчэ ў Шчучыне не бачылі»
Здзіўленне ў часткі карыстальнікаў выклікала тое, што дзяўчыне не прапанавалі кватэру ў мікрараёне Север.
«А на Северы арэнднае жыллё ўжо не даюць? Там жа новыя кватэры з рамонтам», — пацікавілася мясцовая жыхарка.
У адказ напісалі, што там таксама прапануюць жыллё, і ў прыярытэце — шматдзетныя сем’і. «Арэнднае жыллё даюць спачатку шматдзетным, потым спецыялістам — урачам, сілавікам і іншым, пасля астатнім. Кажу па ўласным вопыце».
У каментарыях карыстальнікі дзяліліся і асабістымі гісторыямі з іншых гарадоў — вопыт аказаўся розным:
«Я атрымлівала арэнду ў Баранавічах — усё было шыкоўна: белыя шпалеры, дзверы, ламінат. Відаць, вельмі пашанцавала», — напісала адна з удзельніц абмеркавання.

Былі і супрацьлеглыя меркаванні: «Гэта яшчэ нармальна. Я ў Навагрудку глядзела — там без вокнаў, столі і падлогі».
«Я атрымала кватэру ў горшым стане, прыбрала, зрабіла рамонт пад сябе і жыву ўжо амаль 10 гадоў».
«Вы ў Шчучыне не бачылі, што прапануюць».
Колькі каштуе арэнднае жыллё ў Лідзе
У 2026 годзе плата за арэнднае жыллё ў Лідзе складае 3,60 рубля за квадратны метр. Цана залежыць ад базавай велічыні.
Сума можа быць ніжэйшай, калі ў кватэры адсутнічаюць асобныя інжынерныя камунікацыі — за кожны іх від плата памяншаецца на 10%.
Калі нанімальнік робіць рамонт за свой кошт паводле зацверджанага каштарысу, арэндная плата ў гэтым перыядзе не спаганяецца. Аднак у выпадку скасавання дамовы затраты на рамонт не кампенсуюцца.

Сітуацыя з арэндным жыллём у Лідзе
На 13 лютага 2026 года ў Лідзе даступныя чатыры арэндныя кватэры, дзве з іх — неўладкаваныя.
Паводле звестак дзяржаўнага выдання «Лідская газета», на 1 студзеня 2024 года арэндны жылфонд раёна налічваў 1933 памяшканні, з іх 1338 кватэр здаваліся па дамовах найму, у тым ліку 165 у новабудоўлях. Попыт застаецца высокім — на адну кватэру можа прыпадаць да 20 заяваў.
У 2025 годзе ў Лідскім раёне пабудавалі 279 кватэр арэнднага жылля. У лідскім мікрараёне Север, у прыватнасці, узвялі дом на 50 кватэр, з якіх 21 павінна быць арэнднай.
У 2026 годзе ў лідскім мікрараёне Індустрыяльны па вул. Сасновай плануюць пабудаваць 12-кватэрны арэндны дом.



