Беларуска захацела зарэгістраваць гадаванца. Вывучыўшы заканадаўства, зразумела, што зрабіць гэта можна ў мясцовым ЖЭС па месцы рэгістрацыі. Прыйшоўшы ва ўстанову, беларуска сутыкнулася з адмовай – аказалася, што зарэгістраваць сабаку можа толькі ўласнік кватэры. Аб тым, што здарылася, беларуска напісала ў Threads.

Дзяўчына пайшла ў ЖЭС. Але ў рэгістрацыі гадаванца ёй адмовілі, бо беларуска ў кватэры не прапісана, а таксама не з’яўляецца яе ўласніцай. Тады беларуска прапанавала зарэгістраваць сабаку па месцы яе прапіскі. «На што атрымала адказ: «Ну дык сабака ж там не пражывае», – дадае ўладальніца.

Кватэрай валодае маці беларускі. У выніку менавіта яна рэгістравала сабаку ў службе “Адно акно”.

Пост дзяўчыны сабраў амаль 100 каментароў. Іншыя сабачнікі згаджаюцца: таксама думалі зарэгістраваць сабаку, але вывучыўшы закон, перадумалі. “Будзе значыць у мяне сабака бамжом, што я магу зрабіць?” – жартуюць беларусы.

Таксама яны цікавяцца: а што, калі сабака жыве паўгода з гаспадаром на дачы – дзе яго рэгістраваць? А калі з-за вось такіх прававых калізій жывёлу не атрымалася зарэгістраваць, ці давядзецца плаціць штраф? Хаця многіх аб месцы рэгістрацыі не пыталіся – верагодна, сітуацыя залежыць ад канкрэтнага супрацоўніка. А іншыя і ўвогуле рэгістравалі сабаку ў выканкаме, а не ў ЖЭС.

Як зарэгістраваць сабаку?

Правілы рэгістрацыі гадаванцаў змянілі у сакавіку 2023. Згодна з указам прэзідэнта №311 ад 6 верасня 2022 года, рэгістраваць жывёл можна ў адміністрацыях раёнаў і службе «Адно акно».

Сабак і катоў трэба рэгістраваць на працягу трох дзён з дня набыцця, шчанюкоў і кацянят – ва ўзросце да трох з паловай месяцаў.

Для рэгістрацыі ўладальнік павінен звярнуцца ў ЖЭС па месцы жыхарства, запоўніць заяву і прадаставіць пашпарт. Пасля рэгістрацыі гаспадару выдаюць пасведчанне і жэтон – іх трэба прымацаваць да ашыйніка.

Памер падатку ў 2026 годзе складае 14 руб., а для ўладальнікаў патэнцыйна небяспечных парод – 67 руб. Падатак за сабак плацяць штоквартальна. 

Чытайце таксама: “У Польшчы б хваліліся”. Пад Гроднам хацелі адстрэліць ваўка – а як можна іначай?