Гарадская клінічная бальніца №2 у Гродне пераедзе на праспект Янкі Купалы, калі там дабудуюць новы будынак. Замест яе ў вызваленую прастору павінна заехаць Дзіцячая цэнтральная гарадская паліклініка. Пра гэта ў прамым эфіры «Гродна Плюс» расказаў старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель.
Тэрыторыю бальніцы, якая зараз абнесена агароджай і ўваход туды магчымы толькі праз прахадныя, адкрыюць для гараджан. Там будзе сквер.

Дзіцячая паліклініка пераедзе з Гагарына на Гагарына
Сёння Дзіцячая цэнтральная паліклініка (былая дзіцячая паліклініка №2) знаходзіцца на Гагарына, 18 у прыстасаваным будынку. Гарадская клінічная бальніца №2 знаходзіцца на той жа вуліцы, але ў іншым яе канцы – на Гагарына, 5. Адлегласць паміж будынкамі – 700 метраў.
Пры гэтым бальніца займае як корпус савецкай эпохі, пабудаваны ў 1970-80-я, так і будынкі былога францішканскага манастыра XVII стагоддзя. Што будзе з будынкамі, якія маюць гістарычную каштоўнасць, Андрэй Хмель не патлумачыў.
Што раней думалі размясціць у старым будынку бальніцы №2?
Будучыню будынка бальніцы на Гагарына абмяркоўвалі падчас візіту Лукашэнкі ў Гродна ў красавіку 2024 года.
Тады ў планах было перадаць будынак гораду і ўцягнуць у абарот, але дэталі былі невядомыя. Лукашэнка тады прапанаваў зрабіць на базе будынка інтэрнат, а старшыня аблвыканкама (у той час — Уладзімір Каранік) думаў пра гатэльны комплекс.
А як планавалі да гэтага?
Раней у рамках зацверджанага дэталёвага плана гістарычнага цэнтра Гродна да 2030 года збіраліся будаваць новы корпус бальніцы № 2 каля цяперашняй установы — у раёне Левабярэжнай. Таксама згодна з праектам у раёне Гарадской клінічнай бальніцы № 2 збіраліся пабудаваць падземную паркоўку, якая б абслугоўвала не толькі бальніцу. Але ад гэтых ідэй адмовіліся.



