Ліхтары ў Гродне будуць працаваць згодна з устаноўленым графікам. На змяненне графіка работы вулічнага асвятлення могуць паўплываць толькі пагодна-кліматычныя ўмовы, патлумачыла «Гарсвятло» газеце «Гродзенская праўда».
Хто ўстанаўлівае графік асвятлення?
Графік вулічнага асвятлення распрацоўваюць у папярэднім годзе на будучы. Пасля яго зацвярджаюць з Гродзенскім гарвыканкамам.
Дыспетчары “Гарсвятла” адказваюць за ўключэнне або выключэнне ліхтароў. Калі раніца выдалася імглістай, то па рашэнні дыспетчара ліхтары могуць пагасіць крыху пазней усталяванага графіка.
Як асвятляюць вуліцы Гродна?
У горадзе вонкавае асвятленне ўключаюць праз сінгал GPRS (сотавы перадатчык), а таксама па радыёсігнале. Трэба чатыры-пяць хвілін, каб ліхтары запаліліся на ўсіх вуліцах Гродна.
З 22:00 да 7:00 у горадзе начны рэжым – у гэты час падсвятляюць аўтобусныя прыпынкі, скрыжаванні, масты, пешаходныя і падземныя пераходы.
Ці будуць у Гродне мяняць графік асвятлення?
Па словах дырэктара «Гарсвятла» Алега Дабравольскага, вулічнае асвятленне ў Гродне будзе працаваць як і раней. На змены графіка могуць паўплываць узыход і заход сонца, а таксама метэаралагічныя ўмовы.
— Трэба не дапусціць паніжэння сацыяльных стандартаў і мер бяспекі. Гэта значыць, каб асвятленне ўключалася і выключалася тады, калі гэтага патрабуюць час сутак і кліматычныя ўмовы надвор’я. У Гродне ніколі не было такога, што ў светлы час вонкавае асвятленне працуе. Уключаецца ўсё дакладна па хвілінах, – дадаў Дабравольскі.
Аб карэкціроўцы вулічнага асвятлення Лукашэнка выказаўся 3 лютага на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Ён не разумее, навошта “ўсё ззяе ў шэсць гадзін вечара”. Лукашэнка ўпэўнены, што выключаць ліхтары ўжо можна а палове восьмай раніцы, «асабліва зараз, калі святла шмат».
Ён даручыў чыноўнікам разабрацца з пытаннем: адрэгуляваць фотаэлементы, каб яны аўтаматычна “са штучным вашым інтэлектам” адключаліся ў 7 раніцы. Лукашэнка таксама дадаў, што на асвятленне траціцца шмат грошай.
Чытайце таксама: «Д✵✵✵я зэканомілі?» Гродзенцы таксама скардзяцца на ранняе адключэнне ліхтароў па даручэнні Лукашэнкі



