Былога кіраўніка Іўеўскага раённага БРСМ Сяргея Пахомава будуць судзіць па артыкуле аб «распальванні варожасці» (ст. 130 КК). Мужчына знаходзіцца ў СІЗО, а КДБ уключыў яго ў спіс «тэрарыстаў», паведамляе «Наша Ніва».
Мяркуецца, што падставай для крымінальнай справы сталі каментары ў Telegram з неабароненага акаўнта. Сяргей Пахомаў раней працаваў у школе ў Іўеўскім раёне, уваходзіў у кадравы рэзерв райвыканкама і ўзначальваў раённы БРСМ.
Пераехаў з Казахстана ў Беларусь
Пахомаву 37 гадоў. Ён нарадзіўся ў Казахстане, але вырас у Беларусі. У 2013 годзе скончыў ГрДУ імя Янкі Купалы і працаваў настаўнікам гісторыі ў школе ў Жамыслаўлі.
«У 2012 годзе я даведаўся, што ёсць месца настаўніка ў Жамыслаўльскім дзіцячым садзе – базавай школе, і вырашыў, што хачу тут працаваць. Хутка сабраў рэчы, прыкупіў парадны касцюм на лінейку, знайшоў жыллё ў Жамыслаўлі і 1 верасня ўжо знаёміўся з маімі вучнямі 7-га класа, у якіх я стаў класным кіраўніком», — распавядаў мужчына.
Таксама ён вёў у школе гурткі «Юны шашыст» і «Турысцёнак».

Сакратар раённай арганізацыі БРСМ і прадпрымальнік
Пазней мужчына стаў першым сакратаром раённай арганізацыі БРСМ у Іўі і ўваходзіў у кадравы рэзерв райвыканкама. У дзяржаўных СМІ ён выступаў з заявамі пра «стабільнасць» у краіне і ўдзельнічаў у арганізацыі патрыятычных мерапрыемстваў.
Пасля 2017 года Пахомаў пакінуў сферу адукацыі. У лютым 2025 года зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, пазначыўшы асноўным відам дзейнасці дахавыя работы.


