Былая кіраўніца віннага бара «Чырвоным па белым» (пазней «Кей Бі») Вера Таратухіна прапанавала пасяліць катоў у гродзенскай турме, каб зняволеныя маглі іх даглядаць. Яна накіравала ліст з ініцыятывай ва ўстанову і распавяла пра яе ў сацсетках. Двойчы экс-палітвязень Мікола Дзядок, які адбываў тэрмін у гродзенскай турме, патлумачыў, чаму такая ідэя далёкая ад рэальнасці.

Вера адправіла ліст з апісаннем сваёй ідэі ў гродзенскую турму, там ёй параілі звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС, аднак і праз паўгода адказу адтуль яна не атрымала. Таксама яна распавядала, што валанцёрскія арганізацыі ініцыятыву ў асноўным не падтрымалі. Таратухіна адправіла паўторны ліст і заявіла, што не мае намеру адмаўляцца ад сваёй ідэі. Многія каментатары дзяўчыну падтрымалі, але былі і тыя, хто засумняваўся ў тым, што ідэю можна рэалізаваць у беларускіх турмах. Таксама дзяўчыне нагадалі пра палітвязняў.

Дзядок патлумачыў, чаму гродзенцы так і не адказалі ў ДВП

Мікола Дзядок у сваім Facebook-акаўнце напісаў, што дзівіцца таму, як могуць людзі з адной краіны жыць у паралельных рэчаіснасцях, якія ніколі не перасякаюцца.

«У Гродзенскай турме Пал Іваныч Казакоў (начальнік турмы № 1 — Hrodna.life), чакана, усміхнуўся наіўнасці гэтай мадам, падумаўшы нешта кшталту „цябе б да гэтых зэкаў замест ката, каб перастала мне херню пісаць“, і, чакана, адказаў адпіскай, маўляў, звяртайцеся ў вышэйшую інстанцыю, адфутболіўшы яе, такім чынам, у ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў).

Яна пераслала свой зварот у ДВП, адтуль ёй ужо паўгода ніхто не адказвае.

Дзяўчына дзівіцца і абураецца. Як так! Гэта ж такая добрая ідэя! Гэта ж спрыяе выпраўленню асуджаных! Яны ж стануць дабрэйшымі, больш чалавечнымі, спакайнейшымі! Адразу відаць, што парадак незалежных СМІ апошніх пяці гадоў прайшла міма гэтай эмпатычнай і адказнай дзяўчыны», — напісаў Дзядок.

низкий социальный статус в белорусской колонии
Ілюстрацыйнае фота: istockphoto.com

Турмы ў Беларусі не накіраваныя на выпраўленне

Былы палітвязень патлумачыў, што беларуская пенітэнцыярная сістэма ніколі не ставіла перад сабой мэту выпраўленне людзей.

«А тым больш такое спецыфічнае месца, як Гродзенская турма, якая ад пачатку стваралася як „усесаюзны БУР“ (барак узмоцненага рэжыму). Гэта было месца, куды з усяго СССР звозілі злодзеяў у законе і крымінальных аўтарытэтаў, каб катаваць фізічна і маральна, схіляючы да супрацоўніцтва або адмовы ад злодзейскай субкультуры. Колькі іх там было забіта — аднаму Богу вядома. Таго крымінальнага варушняка, што быў у 80-х, ужо няма, але практыкі — засталіся. Гродзенская крытая — гэта месца пакут. Менты так проста і кажуць: „Вы тут, каб пакутаваць“», — напісаў Дзядок.

Таксама ён распавёў, што за няпоўныя тры гады, якія ён правёў у гродзенскай турме, там загінулі пяць чалавек. Тры — ад хвароб, адзін павесіўся, а яшчэ аднаго чалавека забілі да смерці сукамернікі.

«Як мінімум адзін зафіксаваны выпадак згвалтавання — па прамым загадзе аператыўніка. Бойкі ці збіццё ў камерах — штотыднёвая руціна», — адзначае Дзядок.

Николай дедок
Мікола Дзядок на прэс-канферэнцыі, якая праходзіла 12 верасня 2025 года. Фота: скрын з відэа

У камеры чарвякі, слімакі і пацукі

Былы палітвязень распавядае, што паўгода правёў у камеры памерам 210 на 140 сантыметраў.

«Лічы, грузавы ліфт, дзе з-пад падлогі лезлі земляныя чарвякі, а ва ўнітазе жылі слімакі. Пад падлогай замест коцікаў уладкавалася сямейства пацукоў, якія ўначы грызлі дошкі, не даючы спаць. Там было настолькі сыра, што памытыя шкарпэткі сохлі па двое сутак.

Да мяне ў камеру падкідвалі людзей з жорсткімі ментальнымі расладамі. Адзін, не спыняючыся, нёс шызафрэнічнае трызненне па 18 гадзін у дзень, другі паліў матрац і лупцаваў місай у дзверы а 2-й гадзіне ночы (пасля таго як нас рассялілі, адчуў сябе яшчэ вальней і пачаў есці ўласныя экскрэменты). Чалавека, які прыляжа на падлогу ў ШЫЗА, могуць падняць электрашокерам. Людзі ехалі глуздам прама на маіх вачах. Якая рэабілітацыя? Якія коцікі?!», — напісаў Мікола.

«Якая рэабілітацыя? Якія коцікі?!». Палітвязень Дзядок адрэагаваў на ідэю гродзенкі пра катоў у турме
Турма вачыма палітвязня. Ілюстрацыя Hrodna.life

Турэмнай сістэме патрэбныя глабальныя змены

Ён таксама адзначыў, што ставіцца да ініцыятывы з супярэчлівымі пачуццямі. З аднаго боку, яго радуе, што ёсць людзі, якім неабыякава тое, што адбываецца за турэмнымі сценамі, і якія думаюць не толькі пра ўласны камфорт. З іншага — ён лічыць такія прапановы наіўнымі і адарванымі ад рэчаіснасці.

На яго думку, беларускую пенітэнцыярную сістэму немагчыма рэфармаваць кропкавымі гуманнымі ініцыятывамі, паколькі яна з’яўляецца часткай дзяржаўнага апарату і напрамую залежыць ад палітычнай сістэмы краіны. Ва ўмовах нязменнай улады і рэпрэсій, упэўнены ён, турмы па вызначэнні не могуць быць гуманнымі. Ён падкрэсліў, што сістэма першапачаткова выбудавана не для выпраўлення, а для падаўлення асобы, і працуе менавіта так, як задумана.

Таксама ён дадаў, што перш чым казаць пра турмы «як у Еўропе», у краіне павінны адбыцца базавыя палітычныя змены — ад сумленных выбараў да спынення гвалту з боку сілавікоў.

Хто такі Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок — блогер, журналіст і актывіст анархісцкага руху. Яго затрымалі 11 лістапада 2020 года: пры затрыманні яго збілі і распылілі ў вочы пярцовы газ.

Суд прыгаварыў яго да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму, пазней пакаранне ўзмацнілі і перавялі яго на турэмны рэжым. У зняволенні Дзядка неаднаразова падвяргалі ціску і новым абвінавачванням, у тым ліку па артыкуле 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

11 верасня 2025 года стала вядома, што ён апынуўся сярод 52 палітвязняў, якіх Аляксандр Лукашэнка памілаваў. Сярод іх таксама Мікалай Статкевіч, Уладзімір Мацкевіч, Ігар Лосік, Павел Мажэйка, Галіна Дзербыш і іншыя.

Вызваленню папярэднічала сустрэча Лукашэнкі з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам. Вызваленых вывезлі за межы Беларусі.