Дызайн новых картак для аплаты праезду ў грамадскім транспарце Гродна распрацаваў 17-гадовы жыхар горада Руслан Бубновіч. Яго праект стаў пераможцам конкурсу, які праводзіў гарадскі аўтобусны парк.
Руслан вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным гуманітарным каледжы і паралельна працуе дызайнерам у Мінску, дзе праводзіць больш часу, распавядае «Гродзенская праўда».
Пра конкурс ён даведаўся ўсяго за два дні да заканчэння прыёму работ і паспеў падрыхтаваць макет.
— Пачаў з вывучэння вопыту ўкаранення сістэм карт з валідатарамі ў іншых гарадах, такіх як Мінск і Масква. Разглядаў картку «Тройка» (транспартная карта Масквы — Hrodna.life) як прататып і спрабаваў пераасэнсаваць наш папяровы праязны — стварыць нешта новае і свежае, — распавёў Руслан Бубновіч. — У якасці славутасці выбраў драмтэатр, таму што ён добра ўпісваецца ў агульны стыль. Пры выбары каляровай гамы абапіраўся на дызайн аўтобуснага парка.

Пасля падвядзення вынікаў хлопец дапрацаваў конкурсны праект з улікам заўваг перавозчыка: аўтар змяніў асобныя дэталі выявы і распрацаваў адваротны бок карты з кодам.
– На этапе ўзгаднення аказалася, што я намаляваў няправільны аўтобус – дзверы размяшчаліся не з таго боку. Перамаляваў аўтобус, дапрацаваў дызайн, распрацаваў адваротны бок карткі з кодам.
Дызайн асвойваў з нуля
Руслан Бубновіч пачаў займацца камп’ютарнай графікай у 13 гадоў. Першыя навыкі дызайну ён асвойваў самастойна — праз анлайн-курсы і практыку, ствараючы сайты і графічныя макеты. У 15 гадоў Руслан атрымаў грант на навучанне ў дызайн-студыі з Санкт-Пецярбурга, пасля чаго пачаў браць камерцыйныя заказы. Сёння ён супрацоўнічае з беларускімі і замежнымі праектамі. Потым паступіў у гуманітарны каледж. У планах у хлопца стварыць і развіваць свой блог, а таксама ён марыць паўдзельнічаць у распрацоўцы дызайну для Дня горада ў 2028 годзе.
Восенню 2025 года аўтобусны парк абвясціў конкурс на найлепшы дызайн гарадской праязной карткі. Пасля таго як гродзенцы даслалі свае варыянты, прайшло анлайн-галасаванне, у якім усе ахвочыя маглі выбраць найбольш удалы дызайн.
На конкурс паступіла 41 работа. Сярод іх сустракаліся і незвычайныя рашэнні. Некаторыя ўдзельнікі дасылалі толькі адзін варыянт або забывалі выкарыстоўваць афіцыйны лагатып прадпрыемства, як гэта было заяўлена ва ўмовах конкурсу.
Былі і кур’ёзныя выпадкі: адзін з макетаў утрымліваў выяву замка ў Выбаргу, які не мае дачынення да Гродна. На некаторых работах былі арфаграфічныя памылкі.


