У Мастах жыхары дома №11 на вуліцы Клары Цэткін скардзяцца на недаробкі пасля капітальнага рамонту, які завяршылі яшчэ ў мінулым годзе.

Падчас капрамонту ў доме рэнававалі дах, фасад, стыкі панэляў і фундамент. Камунальнікі таксама абнавілі інжынерныя сеткі ўнутры будынка. Аднак пасля заканчэння работ не прывялі ў парадак прылеглую тэрыторыю: дарожкі вакол будынка так і засталіся разбуранымі. Менавіта гэта стала галоўнай прэтэнзіяй жыльцоў, паведамляе Тэлерадыёкампанія Гродна.

Камунальная служба Мастоў правяла сустрэчу з жыхарамі і паабяцала аднавіць дарожкі ў другім квартале гэтага года. Там патлумачылі, што добраўпарадкаванне тэрыторыі першапачаткова не ўваходзіла ў праект капрамонту. А стан дарожак пагоршыўся хутчэй праз час, чым праз будаўнічыя работы. Тым не менш, іх таксама паабяцалі аднавіць — да канца чэрвеня.

Яшчэ адна праблема — галубы на гарышчы. Нягледзячы на ўсталяваныя рашоткі, птушкі працягваюць пранікаць унутр, ствараючы шум і беспарадак. Камунальнікі запэўнілі, што зоймуцца гэтым пытаннем у бліжэйшы час.

Галубы, дарожкі і пад’езд. У Мастах завяршылі капрамонт дома, але жыхары скардзяцца на недаробкі
Жыхары дома скардзяцца на тое, што на гарышчы жывуць галубы. Фота: скрын з відэа, t.me/trkgrodno

У пад’ездах таксама засталіся сляды пасля замены электраправодкі: месцы, дзе здымалі выключальнікі, проста замазалі растворам без наступнай пафарбоўкі. Гэтыя работы могуць выканаць у межах бягучага рамонту — па заявах жыльцоў.

У камунальнай службе таксама паабяцалі ліквідаваць асноўныя недахопы да канца чэрвеня.


Усяго ў 2025 годзе ў Мастах адрамантавалі тры жылыя дамы агульнай плошчай 9,5 тыс. кв. метраў. Па Гродзенскай вобласці капітальны рамонт правялі ў 188 шматкватэрных дамах.