Дэпутата ад папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Йорга Дорнау затрымалі 4 лютага падчас пасяджэння Ландтага — зямельнага парламента ў Саксоніі. Паліцыянты адвялі яго ў асобнае памяшканне для допыту, паведамляе Reform.News са спасылкай на нямецкае выданне Bild.

Перад пасяджэннем зямельнага парламента прайшоў сход камітэта па дэпутацкай недатыкальнасці, на якім абмяркоўвалася зняцце з Дорнау недатыкальнасці як з члена зямельнага парламента. Дэпутаты прагаласавалі «за».

Ператрусы правялі ў доме Йорга Дорнау, офісных памяшканнях і аўтамабілях у Роце пад Лейпцыгам. Падставай для іх стала пастанова лейпцыгскага ўчастковага суда ў межах расследавання пракуратуры па падазрэнні ў абыходзе санкцый. Справа звязана з пастаўкай у Беларусь пагрузчыка па схеме «ілжывы транзіт» у 2022 годзе.

«Падазраванаму інкрымінуецца тое, што ў мытнай дэкларацыі ў жніўні 2022 года ён пазначыў Казахстан у якасці краіны прызначэння тэлескапічнага пагрузчыка, што не адпавядала рэчаіснасці, з мэтай схаваць забарону на экспарт у Беларусь — фактычную краіну прызначэння транспартнага сродку — шляхам выкарыстання транзітных дзяржаў. Пасля транспартны сродак сапраўды быў вывезены ў Беларусь», — гаворыцца ў прэс-рэлізе пракуратуры.

Ператрусы ў памяшканнях ландтага або парламенцкіх фракцый не праводзяцца, удакладнілі ў пракуратуры.

У Германіі затрымалі дэпутата, у якога на плантацыі цыбулі пад Лідай працавалі зняволеныя
Ёрг Дорнау ў момант, калі яго выводзяць з залы пленарных пасяджэнняў. Фота: Dirk Sukow/Bild

Хто такі Ёрг Дорнаў і чаму ён прыцягваў палітвязняў для працы на плантацыі

Ёрг Дорнаў нарадзіўся ў Борне, Саксонія. Яму 56 гадоў, ён атрымаў аграрную адукацыю і займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. У 2016 годзе Дорнаў далучыўся да ультраправай прарасійскай партыі “Альтэрнатыва для Германіі” (Alternative für Deutschland). З 2019 года ён член саксонскага парламента і прадстаўляе парламенцкую групу АдГ па сельскагаспадарчай палітыцы. Дорнау таксама быў членам экстрэмісцкай радыкальнай фракцыі АдГ – “Крыло”.

2 кастрычніка 2020 года ў Лідскім раёне зарэгістравалі ТАА «Цыбулька-Бел». Гэта здарылася неўзабаве пасля таго, як у верасні 2020 года тады яшчэ патэнцыйны інвестар з Германіі Йорг Дорнау сустрэўся са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам.

У верасні 2024 года стала вядома, што Дорнаў заключыў пагадненне з лідскім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) і рэгулярна прыцягваў беларусаў, асуджаных па палітычных артыкулах, для работ на сваёй лукавай плантацыі пад Лідай. Ім плацілі каля 20 рублёў у дзень. Палітык асабіста правяраў работу палітзняволеных.