Арганізацыю дарожнага руху ў Гродне абмеркавалі падчас нарады ў гарвыканкаме з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў, гарадскіх службаў і арганізацый. Прыйшлі да высновы, што разгрузка Грандзіч — першарадная задача, паведамляюць у Telegram-канале Гродзенскага гарвыканкама.  

На нарадзе абмеркавалі развіццё транспартнай інфраструктуры ў мікрараёнах Грандзічы, Панямунь, а таксама па вуліцах Вясенняй і Астроўскага. Разгледзелі пытанні па арганізацыі руху на кольцах Таўлая (Брыкеля) і Магістральная-Касманаўтаў.

Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель сказаў, што кожны з маршрутаў мусіць быць максімальна зручным для жыхароў мікрараёнаў. Разгрузка Грандзіч — першарадная задача. Магчыма, арганізуюць дадатковыя рэйсы. Пакуль прапановы будуць падрабязна прапрацоўваць.

Яшчэ ў пачатку студзеня 2026 Хмель заяўляў, што дастаўляць дзяцей са спальных раёнаў у цэнтральныя дзіцячыя сады — не складана, таму што «большасць гараджан працуюць у цэнтры». Гэтую ж ідэю падтрымліваў і дэпутат Мазайла — прапаноўваў вазіць дзяцей у цэнтр, а пасля «не спяшаючыся з працы забіраць, ехаць» дадому.

Тым не менш чыноўнікі ўжо тады заяўлялі аб магчымым пуску спецыяльнага “школьнага” аўтобуса.

Чытайце таксама: У Гродне запрацавала сістэма бескантактнай аплаты праезду