У Беларусі забаронена самастойна займацца пахаваннем хатніх жывёл, у тым ліку ў лесе, на лецішчы або ў парку. Як пахаваць гадаванца і не парушыць заканадаўства, “Мінскай праўдзе” патлумачылі юрысты. 

Чаму жывёлу нельга пахаваць на лецішчы?

Утрыманне і ў тым ліку пахаванне гадаванцаў рэгулюе закон “Аб адказным абыходжанні з жывёламі” (№361-З ад 1 красавіка 2024).

Згодна з ім, пры пахаванні жывёл на прыватных участках або ў месцах грамадскага карыстання, напрыклад парках, можна атрымаць штраф да 30 базавых велічынь (1350 руб.). Усё таму, што закапванне цела жывёлы можа пагражаць здароўю ці забрудзіць грунтавыя воды. Іншымі словамі – гэта парушае санітарныя нормы.

Ці можна выкідваць памерлую жывёлу?

Выкідваць труп гадаванца забаронена ў рэкі, азёры, балоты, лясы, а таксама ў кантэйнеры для бытавых адходаў. Жывёлу нельга вывозіць на палігоны ці звалкі.

Дзе можна пакінуць гадаванца?

Пахаванне магчыма на спецыялізаваных жывёламагільніках – участках з ямамі і траншэямі, якія ўзгоднены з санітарна-эпідэміялагічнымі і ветэрынарнымі структурамі. Звычайна там хароняць сельскагаспадарчых жывёл, але дапускаюць пахаванне і гадаванцаў.

Афіцыйных могілак для хатніх жывёл у Беларусі няма. Таму юрысты раяць крэміраваць гадаванцаў. Ёсць агульная крэмацыя, калі змешваюць прах адразу некалькіх жывёл (паслуга каштуе ад 35 руб.), а таксама індывідуальная – гаспадару аддадуць урну з астанкамі. Кошт індывідуальнай крэмацыі стартуе ад 80 руб. у залежнасці ад вагі гадаванца.

Як правільна крэміраваць жывёлу?

  • зафіксаваць смерць гадаванца ў ветэрынара;
  • абраць метад утылізацыі;
  • арганізаваць транспарціроўку;
  • атрымаць прах (урну можна захоўваць дома, або развеяць астанкі, таксама дазваляецца закапаць іх пад дрэвам).

Чытайце таксама: У Беларусі запусцілі сэрвіс для згубленых гадаванцаў — жывёл будуць шукаць з дапамогай смарт-бірулькі